«Сітуацыя неідэальная». Пасол Ватыкану ў Беларусі – пра візіт Папы


Каб візіт Францішка ў Беларусі адбыўся, Апостальскі нунцый заклікаў «маліцца».

Пасля аўдыенцыі ў Папы Рымскага Апостальскі нунцый у Беларусі Габар Пінтэр заявіў, што Ватыкан «шмат працуе над тым, каб візіт адбыўся».

«Хачу папрасіць усіх радыёслухачоў маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем», – заявіў нунцый.

Габар Пінтэр абмеркаваў магчымы візіт пантыфіка ў Беларусь на аўдыенцыі з Францішкам 10 лістапада.

«Папа вельмі добра паінфармаваны аб Беларусі. Вядома, я ведаў пра гэта, бо ўжо ў мінулым годзе мы з ім размаўлялі, пасля майго прызначэння, і я меў магчымасць пераканацца, што ён добра разбіраецца. Але ў гэты раз ён мяне ўразіў тым, што яго веды вельмі падрабязныя і дэтальныя. Ён з вялікай увагай сочыць за падзеямі ў Беларусі», – цытуе дыпламата радыё «Ватыкан».

Архіепіскап Габар Пінтэр кіруе Апостальскай нунцыятурай у Беларусі з вясны мінулага года. Дыпламатычным стасункам паміж Беларуссю і Ватыканам сёлета споўнілася 25 гадоў.

ДД

Стужка навінаў