«Сітуацыя абвастраецца, градус напальваецца, мы гатовыя на радыкальныя захады»

video

https://youtu.be/ZSosdVGtnuk

Апладысменты – пасля кожнага тэзісу. У Менску прайшоў форум прадпрымальнікаў, які сабраў некалькі соцень гандляроў, прадстаўнікоў дыпмісіяў і ўрадоўцаў, ды падчас якога прадстаўнікі айчыннага бізнесу пастанавілі дамагчыся перамоваў з Лукашэнкам.

«У любым выпадку барацьба будзе працягвацца. І яна будзе ў той ці іншай форме працягвацца, у залежнасці ад таго, які ціск будзе аказвацца на індывідуальных прадпрымальнікаў», – зазначае Анатоль Шумчанка, старшыня ГА «Перспектыва».

Змагацца за свой бізнес прадпрымальнікі гатовыя нават праз Плошчу. Іпэшнікі выслалі менскім уладам заяўку на правядзенне мітынгу для адмены нашумелага ўказу. Акцыя мусіць прайсці 15 лютага на плошчы Бангалор. Апроч гэтага, гандляры гатовыя пачаць збор подпісаў за адмену дакументу ды за прапанову новага законапраекту. Калі і гэта не дапаможа, тады…

«Лагічны крок – збор 450 тысячаў подпісаў пад жаданнем групы грамадзянаў, чые інтарэсы не ўлічваюцца. Звярнуцца наўпрост да народу Рэспублікі Беларусь. На гэты рэферэндум будуць 5 ключавых пытанняў вынесеныя. Калі выканаўчая ўлада не выконвае гэтых задачаў, то яе мусіць выконваць народ Беларусі», – распавядае Вячаслаў Піліпук, намеснік старшыні ГА «Перспектыва».

Падчас форуму выступ бралі і ўрадоўцы. На спробу прадстаўніка Міністэрства эканомікі давесці гандлярам, што працаваць можна толькі з дакументамі, зала ўзарвалася гучным патрабаваннем «Работу! Работу!».

У выніку намеснік дырэктара дэпартаменту прадпрымальніцтва Мінэканомікі Пётр Арушаньянц паабяцаў сустрэцца на гэтым тыдні з лідарам «Перспектывы» і данесці свае прапановы да грамадскасці.

«Далей, калі шчыра, непрадбачаная сітуацыя. Бо ўсё ідзе як снежны ком, па накатанай сістэме. Сітуацыя абвастраецца, градус напальваецца, і прадпрымальнікі гатовыя на радыкальныя захады», – кажа Віктар Марчук, каардынатар ГА «Перспектыва».

А незадаволенасць прадпрымальнікаў і пакупнікоў па ўсёй краіне сапраўды расце з кожным днём. У студзені 2008 года на акцыі пратэстаў іпэшнікаў выходзілі тысячы беларусаў. Тады «заядлыя тэатралы», як пасля нашумелага інтэрвю начальніка менскага АМАПУ цяпер называюць праваахоўнікаў, жорстка падавілі гэтыя пратэсты.

Частка індывідуальных прадпрымальнікаў урэшце была вымушаная перарэгістравацца ў ЧУПы. Ці здолее айчынны бізнес гэтым разам дамагчыся саступак ад уладаў?

«Мы не просім залатых унітазаў. Мы просім проста сесці ды прыняць разумнае рашэнне. Што датычыць 15 лютага, не ведаю, напэўна, паедзем усе. Як нам яшчэ звярнуць на сябе ўвагу? Можа быць, Аляксандр Рыгоравіч гэтым разам нас пачуе», – спадзяецца Святлана Калачова, прадпрымальніца з Гомлю.

Калі ж кіраўнік краіны гэтак і не пачуе паўмільёна айчынных гандляроў, прадпрымальнікі абмяркуюць, як дзеяць далей на чарговым форуме ўжо праз месяц.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары