Сітуацыя на фабрыцы «ЗОВ»: «пакупнікі прыходзяць у крамы, просяць скасаваць дагаворы»


Пасля з’яўлення прэс-рэлізу КДБ пра затрыманне кіраўніцтва кампаніі, прадстаўнікі фірмы далі каментары прэсе.

Намесніца галоўнага дырэктара прадпрыемства «ЗОВ» Алена Патапава не пацвердзіла і не аспрэчыла інфармацыю пра тое, ці затрыманыя змешчаны ў СІЗА КДБ.

«Некалькі чалавек з кіруючага складу нашага прадпрыемства зараз знаходзяцца не на прадпрыемстве, а супрацоўнічаюць з органамі дзяржаўнай улады па высвятленню пэўных пытанняў. Мы спадзяемся, што ўсе непаразуменні, якія ёсць у дачыненні да нашых кіраўнікоў, будуць вырашаныя. Коштам уласнага прыбытку захоўваем вытворчасць і працоўныя месцы».

Алена Патапава таксама выказала надзею, што Алег Зухавіцкі, сын заснавальнік аб’яднання Уладзіміра Зухавіцкага і саўладальнік бізнэсу, ужо ў панядзелак вернецца на працу.

Паводле дырэктара «Зов-ЛенЕвромебель» Валерыя Рыбалта, імідж арганізацыі сапсаваны, пакупнікі прыходзяць у крамы, просяць скасаваць дагаворы.

«Скажам так, рэклама не ў наш бок. Але прадпрыемства працягвае працаваць у звычайным рэжыме».

Пра тое, што прадпрыемства працуе як і раней, пацвярджаюць і самі рабочыя.

«Ёсць прадпрыемствы, у якіх не ўсё гладка, але ў нас усё было нармальна. Непрыемны інцыдэнт. Без дырэктара нам не вельмі добра. Усе рабочыя ў чаканні і перажываюць за лёс прадпрыемства і нашага дырэктара», – кажуць рабочыя заводу.

Камітэт Дзяржбяспекі абвінаваціў кіраўніцтва аднаго з буйных мэблевых холдынгаў Беларусі і шэраг бізнэсоўцаў у атрыманні ценевых прыбыткаў, вывададзе сродкаў на замежныя рахункі, а таксама не ўлаце падаткаў.

У дачыненні да ўдзельнікаў злачыннай групы, імёныя якіх пакуль не разгалошваюцца, распачаты шэраг крымінальных спраў. Ім можа пагражаць да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў