«Сіта» выканкамаў. Як чыноўнікі вырашаюць, хто будзе лічыць галасы


Завяршылася стварэнне ўчастковых выбарчых камісіяў, якія створаны для правядзення мясцовых выбараў 18 лютага 2018 года. У Берасці і Бярозе грамадзянскім актывістам і прадстаўнікам апазіцыі масава адмовілі ў праве быць уключанымі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. У самым вялікім раёне Берасця – Маскоўскім, у камісіі не быў уключаны ні адзін нелаяльны да дзейнай улады чалавек.

Сваю кандыдатуру на ўключэнне ў камісію выстаўляла доктар архітэктуры і ўрбаністыкі вядомая далёка за межамі Берасця Ірына Лаўроўская, але атрымала адмову на той падставе, што яна не працавала ў выбарчай камісіі і не мае адпаведнага досведу.

«Няўжо кваліфікацыі доктара навук не дастаткова для элементарнага падліку дадзеных? Ідэалагічны аддзел кіруе гэтым працэсам, ён стварыў працоўную групу, праз сіта якой не прайшоў ні адзін чалавек, каго яны лічаць недастаткова надзейным для падтасоўкі вынікаў галасавання», – заявіла Ірына Лаўроўская «Белсату».

Берасцейскі каардынатар руху «За свабоду» Дзяніс Турчаняк плануе прыняць удзел у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты, але актывіст сумняваецца ў сумленнасці і адкрытасці выбарчага працэсу.

«Мы бачым, што выбарчая сістэме не зведала ніякіх зменаў, неўключэнне грамадзянскіх актывістаў ва ўчастковыя камісіі кажа толькі аб адным – можа адбыцца чарговая фальсіфікацыя выбараў». – мяркуе Дзяніс Турчаняк.

У Бярозе ва ўчастковыя камісіі ўвайшоў толькі адзін прадстаўнік апазіцыі – прадстаўнік партыі БНФ. На пасяджэнні рабочай групы па фармаванні ўчастковых камісіяў у Бярозе прысутнічаў сябра АГП кандыдат у дэпутаты Аляксандр Кабанаў, які так апісаў пабачанымі ім працэс:

«На пасяджэнні выканкаму поўная ідылія і паразуменне. Для ўключэння ва ўчастковыя камісіі разглядаліся больш за 500 кандыдатураў. Галасаванне праходзіла або цалкам «за», або ўсім складам «супраць». Ніякіх абмеркаванняў, спрэчак, сумненняў. Што наводзіць на думку, што склады ўчастковых выбарчых камісіяў даўно ўзгодненыя і сфармаваныя».

СА, belsat.eu

Стужка навінаў