Ізраільская авіяцыя нанесла ўдар па «іранскіх» цэлях у Сірыі, пасля чаго па самалётах быў адкрыты агонь з сірыйскіх сістэмаў супрацьпаветранай абароны (СПА).
Адзін знішчальнік (F-16) быў збіты і ўпаў на поўначы Ізраіля, лётчыкі жывыя, заявілі ізраільскія вайскоўцы.
Як паведаміў прадстаўнік арміі Ізраіля падпалкоўнік Ёнатан Канрыкус, над тэрыторыяй краіны быў перахоплены іранскі беспілотнік, запушчаны з тэрыторыі Сірыі. Пасля чаго ізраільцяне атакавалі «іранскія цэлі» у Сірыі.
Іншыя дэталі здарэння не разгалошваюцца. Сірыйскія ўлады пакуль афіцыйна не пракаментавалі інцыдэнт. Раней у падобных выпадках яны абвінавачвалі Ізраіль у агрэсіі і выкарыстоўвалі СПА.
Сірыйскае дзяржаўнае тэлебачанне паведамляе, што вайскоўцы адказалі на спробу Ізраіля здзейсніць «акт агрэсіі» на вайсковую базу ў цэнтральнай Сірыі.
ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com, press.tv, haaretz.com