Сірыя: войскі Асада здзейснілі газавую атаку, пацярпела мірнае насельніцтва


фота Reuters

Атака газападобнага хлору была праведзена на заняты паўстанцамі анклаў ва Усходняй Гуце на ўскраіне Дамаска, паведамляе bbc.com

Людзі ў гэтым рэгіёне адчулі пах газу неўзабаве пасля ракетнага ўдару ўрадавых войскаў. Да медыкаў з праблемамі дыхання звярнуліся шэсць асобаў.

400 тысяч мясцовых жыхароў знаходзяцца ў аблозе з 2013 года, урадавыя войскі актыўна падтрымліваюць расейцы. З пачатку канфлікта паступала некалькі паведамленняў аб газавай атацы, аднак сірыйскія ўлады заўсёды адмаўлялі выкарыстанне хімічнага газу. Пры гэтым міжнародныя арганізацыі пацвярджалі выкарыстанне газу зарын.

ААН назвала сітуацыю ва Усходняй Гуце гуманітарнай катастрофай. Вярхоўны камісар ААН Зэйд Раад аль-Хусэйн паведаміў, што толькі за першыя 10 дзён 2018 году ад паветраных і наземных аперацый у гэтым рэгіёне загінулі 85 мірных жыхароў.

Стратэгічна важны рэгіён Усходняя Гута быў абвешчаны зонай дээскалацыі ў 2017 годзе на аснове пагаднення паміж Расеяй, Іранам і Турцыяй. Нягледзячы на гэта, тут працягваюцца баявыя дзеянні.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары