Сірыйцы плануюць укласціся ў сельскую гаспадарку на Смаргоншчыне


Інвестары хочуць арганізаваць вытворчасць сыроў і малочнай прадукцыі ды абяцаюць прывезці ў «Крэва» нямецкіх і галандскіх кароў.

Паводле старшыні Смаргонскага райвыканкаму Генадзя Харужыка, кошт актываў СВК «Крэва» (у які ўкладваюцца сірыйскія інвестары) – 62 мільярды рублёў, 20% ад гэтай сумы яны павіны заплаціць адразу.

Некалькі гадоў таму бізнесмены набылі ў Смаргоні будынак былога хлебазаводу, каб стварыць вытворчасць сыроў і іншай малочнай прадукцыі. Спецыялісты падлічылі, што ім спатрэбіцца да 50 т. малака. Але сельгаспрадпрыемствы, якія працуюць у Смаргонскім раёне, не могуць цалкам забяспечыць сыравінай новы завод, бо ў першую чаргу пастаўляюць малако прадпрыемству «Смаргонскія малочныя прадукты».

У выніку інвестары вырашылі паставіць на ногі СВК «Крэва». Паводле старшыні Смаргонскага райвыканкаму, у гэтага СВК ёсць запазычанасць па крэдытах, практычна няма абаротных сродкаў, па фінансавых паказніках «Крэва» – на перадапошнім месцы ў раёне. Калі інвестарам удасца рэалізаваць бізнес-план, у гаспадарцы з’явіцца да 2,5 тысячы кароў (цяпер – 800), якіх прывязуць з Нямеччыны і Галандыі.

У Гарадзенскай вобласці налічваецца каля 150 сельгаспрадпрыемстваў. Кожнае трэцяе не ў стане сплочваць крэдыты. Каля 20 калхозаў увогуле неплацежаздольныя.

ЮВ, belsat.eu, паводле rh.by

Глядзі таксама
Каментары