Сіні Калодзеж – беларускі Ганг


Блакітная крыніца, ці Сіні Калодзеж, як яго традыцыйна называлі жыхары адселенай з-за радыяцыйнай забруджанасці вёскі Кліны ды іншых навакольных вёсак Слаўгарадскага раёну на Магілёўшчыне, мае багатую гісторыю. Гэтае месца тысячамі наведваюць не толькі мясцовыя, але і замежныя турысты.

Гэта гісторыя пачалася са старажытнай легенды пра спаборніцтва двух волатаў Марка ды Сцяпана. Яны змагаліся за руку дзяўчыны Кацярыны, кідалі вялізныя валуны за Сож. Кацярына хацела дапамагчы свайму каханаму Сцяпану, каб той кінуў абраны ёй драбнейшы камень далей за Марка. Нягледзячы на лягчэйшы камень, Сцяпан прайграў. Кацярына вырашыла разбіцца аб камень і ператварыцца ў крыніцу, каб служыць людзям.

Валуны-слядавікі, якія Марка і Сцяпан «кідалі» за Сож, дагэтуль захаваліся ў наваколлі крыніцы каля старажытных радзімічскіх курганаў. А вось Еўдакім Раманаў у XIX-ым стагоддзі нават бачыў каля крыніцы каменную бабу, якая называлася Кацярынай, а пазней напісаў аб гэтым у сваім «Беларускім зборніку».

Таксама добра вядома, што крыніца была сакральным цэнтрам плямёнаў Радзімічаў, за якую яны змагаліся з наймітамі кіеўскага князю Уладзіміра, але прайгралі. Па версіі некаторых навукоўцаў, нават былі гвалтоўна ахрышчаныя ў тым жа Сінім Ключы.

Блакітная Крыніца застаецца самай вялізнай крыніцай ва Усходняй Еўропе і ўтварае невялічкае азярцо, з якога зыходзіць рака Галубка. Яна ўпадае ў Сож. Лічыцца, што вада мае гаючую моц, таму штогод 14 жніўня падчас Свята на Мядовы Спас наведнікі крыніцы забіраюць з сабой дзясяткі тысяч літраў.

У часы паганства, хрысціянства, камунізму ды нашыя дні тысячы людзей прыходзяць да крыніцы, каб вылечыцца ды пакланіцца яе цудатворнай моцы. Лічыцца, што пераход праз сапраўды халодныя воды крыніцы (пастаянная тэмпература вады + 6) басанож тры разы, то надае здароўе і шчасце.

Існуе павер’е, што вада Сіняга Ключа дапамагае ад хваробаў ног, таму на крыніцу кожны год прыязджае так шмат людзей з кастылямі, кійкамі, ды на інвалідных вазках.



Згодна з традыцыяй, каб вылечыцца людзі пакідалі тут шмат ручнікоў, старых рэчаў, абутку ды грошаў, а ў апошнія дзесяцігоддзі шмат пластыкавых бутэлек. З-за гэтага Блакітную Крыніцу ўжо грунтоўна чысцілі ад смецця.

Штогод на свята Мядовага Спасу, ці на Макавея 14 жніўня на крыніцу прыязджаюць усё больш наведнікаў з Беларусі, Расеі ды далёкага замежжа. На крыніцы ўжо з’явілася купель, у якой штогод за адзін дзень акунаюцца сотні праваслаўных вернікаў ды тысячы «маржоў».Разрастаецца кірмаш і камерцыйна-забаўляльная зона каля самой крыніцы, нават продаж піва, што не падабаецца сапраўдным вернікам, і што часткова ператварае фестываль у нейкі масавы канвеер.

Сёлета валанцёры пачалі збіраць сродкі на ўладкаванне і забудову крыніцы: плануецца новы мост і дарога.

Вячаслаў Радзіміч для belsat.eu

Стужка навінаў