Сінгапурскі блогер будзе 17 гадоў выплочваць штраф прэмʼеру


Суд у Сінгапуры прызнаў блогера Роя Н Эрна (Інь І Ліна) вінаватым у паклёпе на прэмʼер-міністра Лі Сянь Луна.

Рой Н Эрн (Інь і Лін) – вядомы ў Сінгапуры і па-за яго межамі аўтар англамоўнага блогу The Heart Truths прысвечанага грамадска-палітычнаму жыццю азіяцкага горада-дзяржавы. Блогер напісаў пра карумпаванасць Лі Сянь Луна на падставе аналізу падазроных грашовых пераводаў паміж дзяржаўнымі фондамі пад наглядам прэмʼера.

Лі Сянь Лун, абураны параўнаннем валютных трансфераў з махінацыямі нейкай секты, падаў на 34-гадовага блогера ў суд. Той аддаў рацыю кіраўніку ўраду ды прысудзіў Н да выплаты шкоды ў памеры 150 тыс. сінгапурскіх долараў (гэта каля $ 100 тыс.).

Таксама Рой Н Эрн мусіць аплаціць судовыя выдаткі.

Блогер абвесціў на сваёй старонцы збор ахвяраванняў на выплату штрафу. На момант нашай публікацыі, ён сабраў амаль $ 9 тыс.

Юрысты бакоў заявілі, што вінаваты сплаціць усю суму часткамі цягам 17 гадоў. Калі ён спозніцца хаця б з адной часткай на дзень, то адразу будзе вымушаны заплаціць усю суму разам з адсоткамі.

Сінгапурскія палітыкі часта рэагуюць на крытыку позвамі апанентаў у суд, дзе, як правіла, яны выйграюць справы.

ДД

Стужка навінаў