«Сімфанічнае ўзаемадзеянне». Патрыярх Кірыл распавёў пра сустрэчу з Лукашэнкам


Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл заявіў, што падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам была дасягнутая згода ў абмеркаванні «самых важных пытанняў».

«Сёння мы шмат пра што гаварылі: і пра тое, што датычыць нашых краінаў, народаў, нашай царквы, пра міжнародную сітуацыю. Я магу з глыбокім задавальненнем засведчыць не проста высокі ўзровень згоды, а згоду бакоў у абмеркаванні самых важных пытанняў», – сказаў патрыярх.

Як заявіў кіраўнік РПЦ, сённяшнюю працяглую гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам можна апісаць тэрмінам «сімфанічнае ўзаемадзеянне» – то бок калі пазіцыі царквы і ўлады цалкам супадаюць.

У час сустрэчы з чальцамі Святога сінода РПЦ і Сінода Беларускай праваслаўнай царквы, што адбылася пасля гутаркі Лукашэнкі і Кірыла тэт-а-тэт, кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што не дапусціць расколу Царквы ў Беларусі.

«Будзем рабіць усё для таго, каб мы ўмацоўваліся, – і нашая дзяржава, і наш народ, – у гэтай праваслаўнай веры. Таму я сказаў: раскол – гэта не пра нас. І мы зробім усё для таго, каб захаваць наша адзінства», – падкрэсліў Лукашэнка.

  • Патрыярх Кірыл прыбыў з візітам у Беларусь 13 кастрычніка. Сёння ў Менску ўпершыню ў гісторыі мусіць адбыцца паседжанне Святога Сіноду. Чакаецца, што на паседжанні будзе абмяркоўвацца магчымае атрыманне аўтакефаліі Украінскаю праваслаўнаю царквой, што катэгарычна асуджае Масква.
  • На мінулым тыдні Усяленскі патрыярхат пастанавіў зняць анафему з непрызнаваных Маскоўскім патрыярхатам лідараў Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай царквы. Канстанцінопальскі патрыярхат адмяніў акт 1686 года аб падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Маскве і абвесціў, што можа надаць Томас – дазвол на аўтакефалію адзінай памеснай украінскай праваслаўнай царквы. У канфлікце паміж Маскоўскім і Канстанцінопальскім патрыярхатам з-за пытання аўтакефаліі, то бок незалежнасці ўкраінскае праваслаўнае царквы, беларуская царква цалкам заняла бок Рускага праваслаўя.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў