Сілы СПА Украіны прыведзены ў баявую гатоўнасць з-за празмернай актыўнасці расейскай авіяцыі


Сёння, 22 сакавіка, украінскі бок зафіксаваў другі за месяц выпадак «правакацыйных дзеянняў» з боку Паветрана-касмічных сілаў Расейскай Федэрацыі ўздоўж усходняй і паўднёвай паветранай мяжы Украіны.

Як паведамляе Камандаванне Паветраных Сілаў Украіны, вайсковая авіяцыя РФ ажыццяўляла вылеты з аэрадромаў Шайкоўкі, Крымска і Бельбека з максімальным набліжэннем да дзяржаўнай мяжы Украіны, лініі размежавання паміж мацерыковай часткай Украіны і Крымам, а таксама з набліжэннем, да 40 кіламетраў, да берагавой лініі з боку Чорнага мора з далейшым палётам уздоўж ўзбярэжжа Румыніі, Балгарыі і Турэччыны.

«Акрамя таго, група далёкіх стратэгічных бамбавікоў-ракетаносцаў Ту-22, з поўным боекамплектам, у суправаджэнні пары знішчальнікаў Су-30 РФ здзейснілі палёт у паветранай прасторы АР Крым, Азоўскага і Чорнага мораў з адпрацоўкай пэўных умоўных заданняў па нанясенні ўдараў. Такія дзеянні авіяцыі Расейскай Федэрацыі выкліканыя першым чынам рэакцыяй на правядзенне чарговага этапу камандна-штабных трэніровак у Паветраных Сілах Узброеных Сіл Украіны і з мэтай адпрацоўкі ўмоўнай блакады праліва Басфор», – гаворыцца ў паведамленні.

Сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны Украіны былі «прыведзены ў баявую гатоўнасць», каб даць адпор у выпадку атакі расейскай вайсковай авіяцыі. Паветраныя Сілы Украіны цяпер нясуць кругласутачнае дзяжурства.

 

ІІ, belsat.eu, паводле УНИАН

Глядзі таксама
Каментары