Пасля выбараў 2010-га яго выкінулі з ураду. Ці стане Сяргей Сідорскі кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта?


Былы прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі можа вярнуцца ў вялікую палітыку. Пра гэта tut.by распавялі некалькі інфармаваных крыніцаў.

Апошнія гады экс-прэм’ер быў міністрам прамысловасці і аграпрамысловага комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

«Кажуць, пайшло пісьмо (у ЕЭК) па адклiканні Сідорскага. Цяпер (ва ўрадзе) патрэбны моцны гаспадарнік, здольны выразна фармуляваць пазіцыю», — сказаў адзін з суразмоўцаў інтэрнэт-выдання.

Паводле інфармацыі крыніцы, Сідорскага чакае пасада кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Пра магчымае адкліканне беларускіх спецыялістаў з ЕЭК Аляксандр Лукашэнка намякаў 20 верасня падчас сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

«Мы цяпер вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё, у Еўразійскім эканамічным саюзе. Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў? Там, па-мойму, ужо каля тысячы ў так званым ўрадзе ў ЕАЭС. І які вынік? Навошта плаціць грошы на ўтрыманне ў Маскве высакакласных спецыялістаў? Мы лепшых туды аддалі. Мы ім знойдзем працу тут, а тое, што там будуць прымацца рашэнні, мы з імі пагодзімся, таму што іх практычна няма. Мы парушаем ўсё, пра што дамовіліся», – сказаў Лукашэнка, каментуючы нафтагазавую спрэчку з Масквой.

У свой час Сяргей Сідорскі быў бадай што адзіным, каго з павагаю прымала Масква, і ў каго, нягледзячы на бясконцыя малочна-нафтавыя войны, склаліся нармальныя адносіны з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Ён пазітыўна ўспрымаўся некаторымі прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Напярэдадні выбараў 2010 года лідар «Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі» Анатоль Лябедзька назваў былога прэм’ера «нашым кандыдатам».

«Дэмакратычныя сілы Беларусі робяць сумесную заяву, што наш кандыдат – прэм’ер-міністр Сідорскі. Паколькі ён з’яўляецца кіраўніком ураду, кінуць яго ў турму або расправіцца з ім іншымі метадамі будзе досыць складана», – сказаў Лябедзька (пасля выбараў трапіў у турму КДБ).

Некаторыя эксперты лічылі Сяргея Сідорскага галоўным палітычным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі.

«Вы голы эканаміст, а не палітык. Палітык тут я! У мяне такое ўражанне, што ўрад, які сёння уносіць прапановы, не думае працаваць з 1 студзеня», – заявіў напярэдадні адстаўкі Сідорскага кіраўнік Беларусі.

Сяргей Сідорскі быў зняты з пасады кіраўніка ўраду 27 снежня 2010-га.

Фота: news.tut.by

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары