Сібірскія беларусы ў Менску. «Мы прыехалі парадніцца з гэтай зямлёю»


Героі белсатаўскага фільму «Самаходы» прыехалі ў Беларусь з Сібіры, каб пабачыць зямлю сваіх продкаў. Чацвёртае пакаленне беларусаў, што сышлі шукаць лепшай долі да далекага Іртыша ў канцы 19 стагоддзя, дагэтуль жывуць у трох вёсках, спяваюць беларускія песні і выдатна памятаюць мову.

«Дзікая непраходная тайга. Лес такі цёмны, што не прапускае прамяні на ваду, рэчцы ад яго цесна. Спачатку прыйшлі сугляды, браты Пракоп і Кірыл Крупнікавы, з Магілёўскай вобласці, а з імі Еўдакім Мельнікаў. Яны збудавалі за адзін год пяць хат, у якіх разам і жылі, а праз год прыехала яшчэ 20 сем’яў з вёсак Бушаўка, Буда, Меркалавічы і Рагінь. Доўгі шлях пралёг ад радзімы да Сібіры…», – як казку, распавядае Надзея Іванаўна гісторыю перасялення продкаў з Беларусі ў Сібір.

Па ўсім відаць, што яна паўтарае гэтую казку часта, напрыклад, для дзяцей. Яны прыходзяць у музей, створаны з рэчаў, фотаздымкаў і дакументаў, што засталіся ад продкаў-беларусаў у вёсцы Ермакі, у Заходняй Сібіры, на беразе ракі Тэніс, прытоку Іртыша.

Нашчадкі першых беларусаў у Сібіры дагэтуль называюць сябе самаходамі і беларусамі, хоць даўно ўжо маюць грамадзянства Расейскай Федэрацыі і расейскія прозвішчы: Маркава, Вераб’ева, Паніна, Дзенісенка.

На прэзентацыю фільма «Самаходы» пра жыццё сібірскіх беларусаў героі стужкі дабіраліся з прыгодамі. Іртыш разліўся, і вёска Ермакі апынулася пасярод вады, адрэзаная ад свету. Выцягвалі падарожнікаў Камазам.

Для іх гэтае падарожжа – гонар і хваляванне, частка гісторыі. Некаторыя ў Беларусі ўпершыню. Пасля прэзентацыі яны едуць у Магілеўскую вобласць – туды, адкуль зняліся са сваім невялікім скарбам іх продкі ў канцы 19 стагоддзя.

«Мы вельмі шчаслівыя, што апынуліся на зямлі сваіх продкаў. Тут яны жылі, шанавалі сваю мову, не чураліся спяванак. Мы не проста так прыехалі, а прывезлі кавалак зямлі з Ермакоў, каб парадніцца з гэтай зямлёй», – распавядае Надзея Іванаўна на бездакорнай беларускай мове.

Абяцаюць таксама забраць прыгаршню зямлі з Магілёўшчыны, каб пакласці на магілы продкаў – першых беларусаў, што прыйшлі ў Сібір.
Хадзілі сугляды і на Каўказ і ў Чарнаморскі край, але ж не знайшлі там ліпы. Няма ліпы – няма з чаго лапці драць. А які беларус без лапцяў?

Фільм «Самаходы»

Вольга Лабачэўская, аўтар сцэнару, Ірына Волах, рэжысёр фільму, Юрый Плюшчаў, аператар, Яўген Рагозін, гукааператар, Таццяна Навасадная, мантажор

Эмоцыі ў герояў фільму падчас прэзентацыі льюцца праз край. Яны распавядаюць натхнёна пра сваю зямлю, спраўджваюць адзін у аднаго факты і імены. Па ўсім відаць, што гісторыя іх малой радзімы для іх – не пустыя словы, а тое, чым яны насапраўды жывуць і за што трымаюцца. Яны памятаюць свой род да чацвёртага калена, па іменах, прозвішчах і прафесіях. А фільм «Самаходы» для іх – гэта частка іх летапісу.

Алена Новікава, таксама прапрапраўнучка перасяленцаў, цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу. Яна – былы геолаг, а апошнім часам займаецца ўзнаўленнем спісаў іменаў усіх жыхароў трох вёсак, што заснавалі беларусы. Яна распавяла сваю асабістую гісторыю, а таксама зачытала са свайго сшытку імены тых, хто першымі памерлі на новай зямлі. З Беларусі выходзілі нават у вельмі сталым узросце – каля 70 гадоў было некаторым перасяленцам.

«Гісторыя вельмі кранальная і гаварыць пра гэта хочацца. Уся гісторыя – гэта ў першую чаргу гісторыя сваёй сям’і. Калі мы будзем ведаць сваю асабістую гісторыю, то тады можна складаць і сусветную. І ні ў адным падручніку гэтага прачытаць нельга: як яны выжывалі ў марозы, што ў Сібіры доўжацца 9 месяцаў. А яны ж прыйшлі за лепшай доляй», – распавядае Алена.

Нажаль, у вёсцы Ермакі ўсё менш становіцца моладзі. Праз тое, што няма працы, яны з’яжджаюць у гарады Расеі і вяртаюцца толькі да бацькоў – наведаць і папіць піва, прыгатаванага адмыслова ў печцы па рэцэпце з Магілеўшчыны.

Напрыканцы імпрэзы зайграў гармонік, і каб хто выпадковы зайшоў у гэты час у Галерэю TUT.BY, падумаў бы, што адбываецца імпрэза беларускай народнай творчасці. Гэта спявалі тыя, хто больш чым праз 100 гадоў у далёкай і суровай Сібіры захаваў і мову беларускую, і спевы.

Ірына Волах, рэжысёр фільму

Для здымачнай групы працэс стварэння фільму таксама стаўся асабістай гісторыяй.

«Я думаю што ўсіх нас гэтае сібірскае падарожжа змяніла. Змянілася ўяўленне і адчуванне Радзімы», – кажа Ірына Волах, рэжысёр фільму. «Ідзем, а я бачу – дровы. Яны назапашаныя, яны возяцца, колюцца і ў такой вялікай колькасці, што ўнутры з’явіўся знак: Сібір – гэта сурёзна. Сібір – гэта цяжка».

Па тэме:

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары