Шуневіч: Цэнтры часовага ўтрымання незаконных мігрантаў з'явяцца ў Віцебску, Гомлі і Лідзе


У Беларусі цэнтры часовага ўтрымання незаконных мігрантаў будуць створаны ў Віцебску, Гомлі і Лідзе. Пра гэта ў інтэрвʼю belta.by расказаў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч. Паводле яго, цэнтры зʼявяцца не раней 2018 года года.

Створаная адмысловая працоўная група, якая складаецца з супрацоўнікаў МУС і беларускага прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ). Менавіта яна курыруе пытанні стварэння цэнтраў.

Як паведамляецца, цэнтры будуць створаны на базе наяўнай інфраструктуры органаў унутраных справаў не раней за 2018 год.

Раней паведамлялася, што праект па стварэнні ў Беларусі міграцыйных цэнтраў пры падтрымцы Еўразвязу плануецца запусціць ужо сёлета.

«Каб пазбегнуць пагалосак яшчэ раз падкрэслю: цэнтры будуць прызначаныя выключна для ўтрымання замежнікаў, якія чакаюць дэпартацыі, а не для размяшчэння бежанцаў», – адзначыў Шуневіч.

Паводле кіраўніка МУС, міграцыйная сітуацыя ў краіне стабільная.

«За 2016 год за парушэнне заканадаўства з краіны выправаджана 2332 замежных грамадзяніна. Спіс асобаў, уезд якіх у Беларусь забаронены або непажаданы, папоўніўся больш чым на 8 тысяч», – расказаў Шуневіч.

У студзені ў www.tageszeitung.it зʼявілася інфармацыя пра выдзяленне Беларусі Еўразвязам 7 млн. ​​еўраў на будаўніцтва міграцыйных цэнтраў на 30-50 месцаў для трох катэгорый мігрантаў: бежанцаў з Сірыі, Украіны і «асобаў, якія зʼязджаюць ад эканамічнага крызісу ў Расеі і шукаюць працу ў краінах ЕЗ», – у тым ліку, чачэнскіх ўцекачоў.

У МУС Беларусі запэўнілі, што гаворка ідзе толькі пра асобаў – незаконных мігрантаў, затрыманых у нашай рэспубліцы. Сірыйскія або іншыя ўцекачы з Еўразвязу ў іх размяшчацца не будуць.

Таксама на 2017 год былі ўсталяваныя квоты па прыёме мігрантаў у Беларусі. Статус бежанца могуць атрымаць 800 чалавек.

ВД, паводле belta.by

 

Стужка навінаў