Шуневіч лічыць, што аўтарызацыя ў інтэрнэце дысцыплінуе


Міністр унутраных справаў у інтэрв’ю на тэлеканале «Беларусь 1» мяркуе, што чалавек павінен адказваць за кожны ўчынак.

На ягоную думку, любая сацыяльная дзейнасць павінна адбывацца паводле пэўных правілах. Калі правілаў няма, то адбываецца анархія, безуладдзе і прыніжэнне правоў, свабоды і асобы грамадзяніна.

«Давайце прызнаемся, інтэрнэт цяпер – гэта зона абсалютна безадказных паводзінаў, выказванняў, меркаванняў, абразаў, распаўсюджвання паклёпу, здзяйснення шэрагу канкрэтных крымінальных злачынстваў, адміністрацыйных правапарушэнняў. За кожны ўчынак чалавек павінен адказваць, асабліва калі ён парушае нечыя правы, інтарэсы. Зыходзячы з гэтага, лічу мэтазгодным, правільным і своечасовым вырашэнне пытання аб ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў гэтага працэсу. Гэта значыць усёдазволенасці ў нейкай ступені будзе пастаўлены барʼер».

1 снежня набудзе моц новы закон аб СМІ, які прадугледжвае абавязковую ідэнтыфікацыю наведнікаў сайтаў. Дзяржава хоча ведаць адрасы і нумары тэлефонаў тых, хто пакідае каментары пад артыкуламі.

Акрамя таго, дакумент прыраўняе супрацоўнікаў інтэрнэт-рэсурсаў да журналістаў традыцыйных СМІ. «Сеткавымі выданнямі», згодна з законапраектам, будуць лічыцца інтэрнэт-рэсурсы, якія прайшлі добраахвотную дзяржаўную рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі. Калі ж яны адмовяцца ад рэгістрацыі, то статусам СМІ яны валодаць не змогуць, а іх супрацоўнікі не будуць зʼяўляцца журналістамі.

Чыноўнікі, у сваю чаргу, атрымаюць права блакаваць старонкі без папярэджання і суда.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў