Шуневіч будзе вучыць паліцыянтаў «Кракадзіла»


Паліцэйскія з Зімбабвэ будуць праходзіць падрыхтоўку ў Беларусі ў межах падпісанага паміж двума краінамі мемарандуму аб супрацы ў барацьбе са злачыннасцю. Пра гэта пішуць СМІ Зімбабвэ.

Мемарандум, які падпісалі кіраўнік МУС Беларусі Ігар Шуневіч і ягоны калег з Зімбабвэ Обэрт Мпофу, прадугледжвае супрацу барацьбе з наркотыкамі, гандлем людзьмі, тэрарызмам, а таксама дапамогу ў мадэрнізацыі паліцэйскай службы афрыканскай дзяржавы.

Як распавёў Мпофу прэзідэнту краіны Эмерсану Мнангагве, Зімбабвэ дашле ў Беларусь афіцэраў для «навучання ў розных галінах ведаў». Прычым, вучэбная місія будзе фінансавацца беларускімі ўладамі, піша мсяцовае выданне Chronicle.

Кіраўнік МУС Зімбабвэ паведаміў, што група сілавікоў будзе адпраўлена ў Беларусь бліжэйшым часам. У сваю чаргу ў Зімбабвэ прыедуць беларускія сілавікі, які будуць кансультаваць мясцовыя ўлады наконт таго, як трэба мадэрнізаваць праваахоўную сістэму ў краіне.

Нагадаем, пасля таго як прэзідэнта Зімбабвэ стаў Эмерсан Мнангагва па мянушцы «Кракадзіл» паміж Менскам і Харарэ істотна актывізаваліся стасункі. Гэтак, напачатку сакавіку, краіну наведаў кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Віктар Шэйман – ён падпісаў кантракты на суму каля 58 млн USD, у тым ліку па пастаўках беларускіх трактароў на 43 млн USD і тэхнікі для лясной гаспадаркі на 15 млн USD.

Эмерсан Мнангагва па мянушцы «Кракадзіл» пачаў кіраваць Зімбабвэ пасля дзяржаўнага перавароту ў лістападзе 2017 года, калі з пасады прэзідэнта быў зрынуты Робэрт Мугабэ, што ўзначальваў краіну 27 гадоў.

Калі ў 1980 годзе Мугабэ прыйшоў да ўлады, у Зімбабвэ (былая брытанская калонія Радэзія) была адна з самых моцных эканомік сярод афрыканскіх дзяржаў. Цяпер краіна ўваходзіць у трыццатку самых бедных у свеце. Рэжым Мугабэ абвінавачваюць у чорным расізме, катаваннях і забойствах палітычных апанентаў, карупцыі і фальсіфікацыі выбараў. Праўда, у Мнангагвы рэпутацыя не лепш – за сваю жорсткасць у часы грамадзянскай вайны ён атрымаў мянушку «Кракадзіл», а падчас прэзідэнцтва Мугабэ ўзначальваў спецслужбы і асабіста кіраваў палітычнымі рэпрэсіямі ў Зімбабвэ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў