Шуневіч анансаваў маштабную кампанію па стварэнні прадпрыемстваў, дзе будуць працаваць былыя зняволеныя


Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч разам з начальнікам Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Алегам Маткіна ўпершыню наведаў сельскагаспадарчае прадпрыемства «Хутар-Агра» (Гомельшчыны, Светлагорскі раён), дзе працуюць былыя зняволеныя.

Нагадаем, яшчэ ў жніўні 2017 года Ігар Шуневіч заявіў, што ў структуры крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС плануецца стварыць спецыялізаванае сельгаспрадпрыемства для працаўладкавання былых вязняў. Ініцыятыва міністра была неадназначна ўспрынятая ў грамадстве. Прадпрыемства пачало працаваць у студзені 2018 года.

«Цяпер гэта наша падраздзяленне, я называю яго «Першае міліцэйскае падраздзяленне з сельскагаспадарчым ухілам». Сёння тут працаўладкаваныя каля 30 чалавек, якія знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі або вызваліліся. Гэта, безумоўна, невялікая колькасць, але мы будзем яе павялічваць», – заявіў ён.

Шуневіч анансаваў будаўніцтва новых аб’ектаў і ўзбуйненне вытворчасці:

«Думаю, што гэта будзе цэлая кампанія па стварэнні такіх прадпрыемстваў. Ва ўсялякім выпадку нават патрэбы МУС у сельгаспрадукцыі значна вышэй чым магчымасці гэтага агракамбіната»

У МУС падкрэсліваюць, што праца на такіх абʼектах будзе выключна добраахвотнай.

«Мы будзем працаўладкоўваць тут тых, хто сам захоча працаваць», – адзначыў міністр.

Шуневіч паабяцаў у будучыні стварыць на прадпрыемстве «ідэальныя ўмовы для працы і жыцця»

У МУС адзначаюць, што такая практыка, як стварэнне прадпрыемства кшталту «Хутар-агра», будзе пашырацца. Не выключана таксама, што гэтую ініцыятыву падтрымаюць і іншыя сілавыя ведамствы.

ІІ, belsat.eu, паводле mvd.gov.by

Стужка навінаў