Шуневіч абяцае скараціць МУС на 10%. Афіцэр міліцыі: трэба скарачаць на ўсе 50%


Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў журналістам, што цэнтральны апарат МУС Беларусі прапаноўваецца скараціць на 10%. Пра гэта ён паведаміў па выніках дакладу Аляксандру Лукашэнкі.

«Мы прапануем скараціць у тым ліку цэнтральны апарат МУС практычна на 10%. Пасада аднаго з намеснікаў міністра падлягае скарачэння. Таксама па сыходнай шэраг падраздзяленняў органаў унутраных спраў будзе рэфармаваны», – цытуе Шуневіча БелТА.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе, намеснік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў скептычна ставіцца да заявы міністра.

«Па-першае, апарат МУС у нас такі вялізарны, што гэтыя 10% ніхто і не заўважыць. Па-другое, трэба ўсё ж зразумець, якую катэгорыю супрацоўнікаў міністр збіраецца скарачаць, якія падраздзялення. Мне падаецца, што гэта заява для публікі і гэта ніяк не звязана ні з рэальным рэфармаваннем, ні са скарачэннем. Я думаю, што лёгка можна скараціць да 50% міліцыянтаў», – адзначыў ён у інтэрвʼю «Белсату».

На думку Мікалая Казлова, для барацьбы са злачыннасцю хопіць і паловы цяперашняга штата МУС.

«Беларусы законапаслухмяныя людзі і няма неабходнасці трымаць рэпрэсіўны апарат такіх маштабаў. Тым больш, што краіна знаходзіцца ў эканамічным крызісе. Так, ёсць падраздзялення, якія сапраўды змагаюцца са злачыннасцю – той жа крымінальны вышук. Але навошта нам столькі АМАПу, столькі спецпадраздзяленняў? Ну вось мы ўсю гэтую машыну бачылі на Дзень Волі. А чым усе яны займаюцца ў вольны ад разгону дэманстрацыяў час? Яны ж усе атрымоўваюць заробак, здаровыя мужыкі. Напрыклад, мяне 23 сакавіка затрымлівалі 5 амапаўцаў – 5 здаровых хлопцаў доўга мяне чакалі, каб затрымаць, потым правялі са мной увесь дзень да позняга вечара толькі дзеля таго, каб абылгаць мяне ў судзе і памясціць на Акрэсціна. А чым тыя хлопцы яшчэ 365 дзён у годзе займаюцца? Таму вельмі сумна глядзець на сітуацыю ў міліцыі. Яны ж нават не разумеюць, што робяць злачынства. Міліцыя імкліва дэградуе і я лічу, што Шуневіч адзін з галоўных вінаватых у гэтым», – кажа ён.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў