Шукаем замену расейскай брані? Беларусь завяршае выпрабаванні кітайскіх «Цмокаў»


Улетку Кітай падараваў Беларусі партыю сваіх бронемашын CS/VN3, якія атрымалі ў нас мянушку «Цмок». Здаецца, падоранаму каню ў зубы не глядзяць. Аднак нашыя вайскоўцы вырашылі паступіць інакш.

«Цмок» народжаны на парадзе

Выгрузка будучых «Цмокаў» у Беларусі. Фота «Ваяр»

Днямі павінны былі закончыцца выпрабаванні гэтых машын у нашай краіне, піша армейская газета «Во славу Родины». Іхная гісторыя ў Беларусі пачалася сёлета 21 чэрвеня, калі бронеаўтамабілі даставілі грузавым самалётам адпаведна з пагадненнем Мінабароны Беларусі і Міністэрствам нацыянальнай абароны Кітая пра бясплатную ваенна-тэхнічную дапамогу.

Аднак яшчэ з канца траўня беларускія вайскоўцы вучыліся вадзіць і рэмантаваць новую тэхніку на кітайскім дзяржаўным заводзе, які вырабляе гэтыя машыны. У выніку толькі што дастаўленыя бронеаўтамабілі ўжо праз некалькі дзён паспелі паўдзельнічаць у вайсковым парадзе ў Менску 3 ліпеня.

Як піша «ВСР», менавіта падчас параду бронеаўтамабіль атрымаў мянушку «Цмок». У Кітаі машына называецца Dajiang – «Вялікі генерал».

Браніраваны аўтобус

«Цмок» на выпрабаваннях у Беларусі. Фота «Ваяр»

Выпрабоўваюць кітайскую машыну з мэтаю «ацэнкі паказнікаў якасці функцыянавання аб’екта ў пэўных умовах яго выкарыстання, а таксама выбару ў далейшым найлепшых рэжымаў эксплуатацыі». Выпрабаванні праходзяць у батальёне аховы 361-базы аховы і абслугоўвання.

Бронеаўтамабіль мае колавую формулу 4х4 і вязе цэлае падраздзяленне – 9 дэсантнікаў акрамя кіроўцы і стралка. Машына мае зварны корпус, які цалкам складаецца са стальной брані. Заяўлена, што браня абараняе экіпаж і агрэгаты машыны ад куляў стралковай зброі і аскепкаў боепрыпасаў буйнога калібру.

Цалкам падрыхтаваны да бою бронеаўтамабіль, мае вагу да 8.700 кг. Фактычна машына – не бронеаўтамабіль у класічным разуменні, а колавы бронетранспарцёр, то бок мае за мэту менавіта перавозку дэсантнікаў да поля бою, а не выкарыстоўваецца для выведкі, патрулявання ці дазору.

Такім чынам не зусім зразумела, чаму на выпрабаванні «Цмокі» выдалі менавіта ахоўнаму падраздзяленню, якое, напрыклад, на вучэннях «арганізуе ахову абʼектаў кіравання», «суправаджаюць калоны аўтамабіляў», «арганізуе прапускную сістэму на кантрольна-прапускных пастах».

Па вялікім рахунку гэта задачы вайсковай паліцыі, якія паўсюль выконваюцца адносна лёгкай тэхнікай. Таму больш лагічна было б даць «Цмокі» звычайным механізаваным брыгадам замест бронетранспарцёраў.

Бяром, што даюць?

«Кайман». Відэа з акаўнту Дзяржаўнага камітэта ваеннай прамысловасці Беларусі.

У цэлым Беларусь мае свае распрацоўкі бронеаўтамабіляў. Гэта, напрыклад, распрацаваны 140-м рамонтным заводам«Кайман». Выпрабаванні «Кайманаў» праходзілі вясной.

Цяпер беларуская армія выкарыстоўвае бронетранспарцёры яшчэ савецкай вытворчасці, якія імкліва старэюць. Гэта не магло не выклікаць да жыцця і падобныя да CS/VN3 уласныя распрацоўкі – напрыклад, «Волат» вытворчасці Менскага заводу колавых цягачоў.

Экіпаж «Волата» – 2 чалавекі і 8 дэсантнікаў. Цікава, што «Волат» выпрабоўваўся Сіламі спецыяльных аперацый, а не ахоўнымі падраздзяленнямі.

Яшчэ ў 2015 годзе Беларусь заключыла кантракт з Расеяй на пастаўку 32 сучасных бронетранспарцёраў БТР-82А – больш цяжка ўзброеных машын. Аднак да паставак так і не дайшло, а ў выніку ўвесну 2017 году Беларусь паведаміла пра яшчэ адзін уласны праект мадэрнізацыі савецкіх БТР-70.

У Беларусі ў 2008-2010 гадах распрацоўваўся канцэпт сучаснага нацыянальнага бронетранспарцёра ад МЗКЦ «Умка». Аднак прыгожы і высокатэхналагічны (і, адпаведна, нятанны) праект з колавай формулай 8х8 не пайшоў далей разлікаў інжынераў – акурат у 2010 годзе ў Беларусі пачаўся зацяжны эканамічны крызіс.

Канцэптуальны малюнак БТР «Умка». military-informant.com

Выглядае на тое, што нашая краіна актыўна шукае варыянты мадэрнізацыі парку браніраваных транспарцёраў ва ўмовах вельмі абмежаванага бюджэту. Расейскі варыянт занадта дарагі ды яшчэ можа быць звязаны з непрыемнымі для нас эканамічнымі і палітычнымі саступкамі.

Кітайская і некалькі беларускіх распрацовак – на разглядзе. Пры гэтым не выключана, што выпрабаванні ў Беларусі і ацэнка кітайскай машыны вайскоўцамі і высокакваліфікаванымі спецыялістамі беларускай тэхнічнай школы могуць прывесці да зʼяўлення беларускай мадыфікацыі «Цмока» і хаця б частковай лакалізацыі вытворчасці БТР у нашай краіне.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў