Шторы, мэбля і апартаменты. Што і дзе ў Беларусі можна набыць за біткоіны?


З дапамогай онлайнавай мапы мы знайшлі паслугі і тавары па ўсёй Беларусі, за якія можна разлічыцца біткоінамі.

Агулам на сусветнай мапе, дзе рэгіструюцца кропкі, што працуюць з крыптавалютай, на тэрыторыі Беларусі пазначана каля 20 крамаў, сервісаў ды кавярняў.

Скрыншот з сайту http://coinmap.org

У Менску знайшлося сем зарэгістраваных кропак. Можна набыць тэхніку, мэблю, правесці дыягностыку аўтамабіля. У краме аўтамабільнай электронікі maxlight.by паведамілі, што пакуль з імі ніхто біткоінамі не разлічваўся.

«Карэспандэнты тэлефануюць, а больш ніхто пакуль не цікавіўся і не разлічваўся. Але так, мы дадалі такую магчымасць, чаму б не».

Калі хочаце павячэраць за крыптавалюту, то ў Маладзечне існуе кафе Mezzanin, а ў Берасці – кальян-бар «Альтаір», дзе прымаюць біткоін.

У Лідзе ажно тры кропкі адпачынку прапануюць аплату выдаткаў біткоінам, у тым ліку «Руская баня «Закадычная», а таксама апартаменты «Гедымін», дзе нам таксама паведамілі, што пакуль ніхто з іх кліентаў такой паслугай не скарыстаўся.

У Баранавічах за біткоіны можна набыць шторы і жалюзі. У Горадні – дзверы, вокны і мэблю.

«Я зарэгістраваўся паўгады таму дзеля цікаўнасці. Ніхто яшчэ не прапаноўваў, ды я й не ведаю, хто ў Беларусі будзе купляць за крыптавалюту дзверы. І не ведаю такіх людзей, хто меў бы такую магчымасць», – распавёў прадстаўнік крамы «Стильный дом» у Горадні.

Згодна з мапай, у Кобрынскім раёне за біткоіны можна пачысціць і пафарбаваць шыфер. Пры аплаце біткоінамі абяцаюць зніжкі.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

 

Стужка навінаў