Што зрабіць, каб беларуская мова была роднай для самых маленькіх беларусаў? Пампуй сваё!


Што зрабіць, каб беларуская мова была роднай для самых маленькіх беларусаў? Адна з ідэяў – агучыць па-беларуску дзіцячыя казкі. Але размова не пра звыклыя кніжкі, а пра казкі да планшэтаў.

І зручна, і цікава, і ёсць дадатковыя магчымасці, кажуць удзельнікі праекту “Кнігі дзеткам”. Ілюстраваныя агучаныя акторамі казкі, якія можна і слухаць, і чытаць, прычым на розных мовах – у мінулыя часы пра такое толькі марылі. А цяпер – пампуй ды карыстайся.

ТАЦЦЯНА ЦУКАНАВА, КААРДЫНАТАРКА «КНІГІ ДЗЕТКАМ»:

“Усе нашыя кнігі – пра дабро, пра сяброўства, пра ўзаемапавагу, ўзаемадапамогу паміж сябрамі”.

Электронныя казкі ёсць і аўтарскія, і народныя. Ды не толькі беларускія. “Кнігі дзеткам” – гэта частка вялікага міжнароднага праекту дзіцячых кнігарняў “Кіндэрбук”.

ПАВЕЛ СІМАНАЎ, «KINDERBOOK»:

“Кіндэрбук – гэта аб’яднанне людзей, што робяць дзіцячыя кніжкі”.

Заснавальнік “Кіндэрбуку” Павел Сіманаў паходзіць з Расеі, але жыве то ў Сінгапуры, то ў Вьетнаме, то яшчэ куды паедзе. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць.

ПАВЕЛ СІМАНАЎ, «KINDERBOOK»:

“Я ежджу па розных краінах, сустракаюся з выдаўцамі дзіцячай літаратуры і збіраю ў іх цікавыя дзіцячыя кнігі. Потым кнігі перакладаем на ангельскую мову, а з яе – на розныя іншыя мовы: украінскую, беларускую, вьетнамскую, французскую і расейскую”.

Гэта бізнэс – кнігі народаў свету больш як на 30 мовах, і кожная прадаецца ў сеціве па $2. Пакуль толькі на платформе IPad, пазней будзе і праз платформу Android. Грошы дзеляць між аўтарамі. Але беларуская мова – не такая ўжывальная, як, напрыклад, кітайская. Таму пакуль гэта хутчэй для душы.

ГАННА КОЎШАР, МАСТАЧКА «КНІГІ ДЗЕТКАМ»:

“З часам, магчыма, ўсё гэта разаўецца, і будзе прадавацца і фінансавацца кімсьці, але пакуль гэта на чыстым энтузіязме”.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

ТАЦЦЯНА ЦУКАНАВА, КААРДЫНАТАРКА «КНІГІ ДЗЕТКАМ»:

“Не ствараць гэтага мы не можам. Ёсць магчымасць, ёсць жаданне ствараць кніжкі на беларускай мове, і мы адчуваем патрэбу ў гэтым”.

Аўтары ініцыятывы пастаянна абнаўляюць электронную палічку, ды запрашаюць да супрацы выдавецтвы, каб перавесці ў лічбавы фармат ды агучыць ужо надрукаваныя беларускія кнігі.

Дапамагчы праекту “Кнігі дзеткам” можа любы здольны і ахвотны. Найперш патрэбныя аўтары, мастакі і гукарэжысёры. А можна проста ўмець распавядаць казкі дзецям. Па-беларуску і з любоўю.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Стужка навінаў