Што значыць: быць журналістам пры дыктатуры?


Незалежная журналістыка заўсёды ў канфлікце з уладамі. І чым больш улада аўтарытарная, тым больш жорсткія формы прымае гэтая барацьба. Горкая статыстыка нераскрытых справаў журналістаў толькі падмацоўвае імідж Сінявокай як краіны небяспечнай для прэсы.

Трагічная смерць Паўла Шарамета выклікае жахлівае пачуццё дэ жавю: ліпень, аўтамабіль… абарванае жыццё. 16 гадоў таму ў такіх ж сонечны дзень па дарозе ў аэрапорт « Менск 2» знік ягоны блізкі сябра, тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. Тады Павал так і не дачакаўся свайго калегу …як і не дачакаўся дня, калі свабода слова ў Беларусі стане правам, а не злачынствам.

СВЯТЛАНА КАЛІНКІНА, ТЭЛЕВЯДОЎЦА, ПУБЛІЦЫСТ:
«Вось такі фінал, гэта на мой погляд даказвае, што ў нас адна з самых небяспечных прафесіяў, калі ты сапраўды не здраджваеш ёй. Калі ты займаешся чэсна і смела, не азіраючыся па баках».

Менавіта так у 1990-х працаваў выбітны журналісткі тандэм Шарамет-Завaдскі, які моцна раздражняў уладу. І гістарычна вядомы рэпартаж пра «пераход» беларуска-літоўскай мяжы цяпер можна ацэньваць досыць сімвалічна: амбітныя і бескампрамісныя журналісты не мірыліся з задушлівымі межамі лукашэнкаўскай эпохі. Сваю барацьбу Павел працягваў сам, да сваёй гвалтоўнай смерці.

ЗАВАДСКАЯ ВОЛЬГА РЫГОРАЎНА, МАЦІ ЗМІТРА ЗАВАДСКАГА:
«Гэта чарговы грубы выклік народам, дзе ён працаваў. Яркі, харызматычны, моцны журналіст, які мог дастаць і данесці да народу, да слухача матэрыялы, якія некаму былі нязручныя».

Белыя плямы засталіся і ў справе моцнага крытыка беларускіх уладаў Алега Бябеніна. 6 гадоў таму заснавальнік і кіраўнік сайта «Хартыяʼ97» быў знойдзены ў пятлі ў сябе на лецішчы пад Менскам. Яшчэ адна справа, да якой праваахоўныя органы не мелі цікавасці, – забойства Веранікі Чаркасавай, аўтаркі журналісцкіх расследаванняў. Ужо 12 гадоў калегам і родным журналісткі газеты «Салiдарнасць» даводзіцца мірыцца з версіяй пра забойства на бытавой глебе.

ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:
«Страта такіх людзей, як Алег Бябенін, Павал Шарамет, заўчасная смерць Пятра Марцава, Вольгі Караткевіч – вельмі абядняе беларускую журналістыку і губляецца традыцыя. Былі б ужо медыя-холдынгі і былі б паслядоўнікі ды вучні».

У апошняй справаздачы «Freedom House» Беларусь апынулася ў спісе ніжэй, чымся тыя краіны, дзе журналістаў забіваюць або саджаюць у турмы. Горш пачуваюцца журналісты толькі ў Паўночнай Карэі, Туркменістане ды Крыме.

Вольга Саўле, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары