Што за новы тэлеканал – «Хай так-TV»?


Падпольны тэлеканал «Хай так-TV», які ўразаецца ў эфір не менш падпольнага «Белсату», – ідэя новага сатырычнага шоу.

«Хай так-TV» глядзіце кожную суботу а 20:25 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

А мы распытваем стваральнікаў новай праграмы ў фармаце «Night Light Show», як яны да такога дадумаліся.

Усевалад Сцебурака, вядоўца:

– «Хай так» – гэта беларуская мантра: «Хай так, хай гэтак, хай яно канём, хай яно само неяк выправіцца»… І мы вырашылі, што ў гэтым ключы зможам распавесці людзям тое, чаго яны не пачуюць нідзе. На афіцыйных дзяржаўных тэлеканалах 25 год, у прынцыпе, – адно і тое ж. Але будзем шчырымі: бывае, што і наш цудоўны «Белсат» чагосьці не дагаворвае!

І мы хочам гэта дагаварыць – пазнаёміць людзей з цудоўным светам беларускага падполля, у якім краіна жыве апошнія 200 год! Шаноўныя тэлегледачы, кідайце ўсе вашыя справы, уключайце целік на тэлеканале «Белсат» або онлайн-трансляцыю ў інтэрнэце, сядайце з чыпсамі – і глядзіце. А мы будзем глядзець на вас праз гэтыя вось аб’ектывы і распавядзем самае цікавае, што назбіраем за тыдзень.

Андрэй Вашкевіч, мастак, стваральнік сцэнаграфіі:

– «Ключавая ідэя – гэта «падольнае тэлебачанне». І таму адразу ўзнік вобраз падвала. У якім адзін з вядоўцаў нібыта спрабаваў раскруціць свае няўдалыя стартапы. Тут ёсць стрыпзона (засталася ад «стрыпклуба, які прагарэў») і рэшткі такога ж няўдалага «пахавальнага бюро», адкуль вядзецца эфір.

Яўген Барышнікаў, вядоўца:

– Паводле легенды, Усевалад – звольнены тэлевізіёншчык, я – айцішнік, які інвестуе ў розныя дурацкія стартапы, у тым ліку Севава тэлебачанне. А герой Дзімы Есяневіча – гэта адзіны чалавек, які ўзяў удзел у кастынгу. Паводле задумы, нам быў патрэбны чалавек з досведам працы на тэлебачанні. А Дзіма якраз працаваў там… кіроўцам. Мы ўтрох граем заснавальнікаў «Хай так-TV», на якім будзем прадстаўляць вынікі інфармацыйнага тыдня. Пасмяемся разам з таго, як «добра» мы жывем!

Усевалад Сцебурака, вядоўца:

– Беларусы часта любяць пасмяяцца з кагосьці, але толькі з сябе. З расейца, паляка ці габрэя – калі ласка. А калі жартуеш пра беларуса, ён кажа: ну гэта занадта падобна на мяне, каб смяяцца. Бо ў нас мова – гэта святое. Рэжым – кепскі, апазіцыя – добрая, таксама не чапай.

Шанаваць гісторыю, мову і культуру – гэта цудоўна, але жартаваць пра сваё ды яшчэ на роднай мове – гэта вышэйшы пілатаж. На жаль, гэтага пакуль мала. Нашыя жартаўнікі, КВЗ-шнікі ды стэндаперы ідуць на ўкраінскае або расейскае тэлебачанне, зарабляюць добрыя грошы.

Таму, спадзяюся, «Хай так-TV» дапаможа беларусу крыху разняволіцца і пачаць бачыць смешнае і ў сваім «гародзе».

АП / ІЧ / ІА, belsat.eu

Стужка навінаў