«Што за бл**ства творыцца ў гэтай краіне?». Міліцыя прыйшла ў «госці» да актывіста «Пошугу»

video

Зранку 23 сакавіка пад домам актывіста Паўла Сяргея дзяжурылі машыны МНС і міліцыі. Пасля непрацяглай «аблогі» праваахоўнікі пагрукалі ў дзверы.

Маладзечанскія міліцыянты прыйшлі да хлопца без позвы.

«Выпішыце яму позву на заўтра», – кажа дзяўчына, якая здымала візіт няпрошаных гасцей.

«У мяне сёння справы. Я нікуды не пайду», – тлумачыць міліцыянтам актывіст.

«Што за бл**ства творыцца ў гэтай краіне?»,– чуваць мужчынскі голас на відэа.

Міліцыянты паведамі, што Паўла выклікаюць па «справе аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Каля 19:00 Паўла завезлі ў мясцовы РАУС.

А 19:30 відэа, на якім бачна твары маладзечанскіх міліцыянтаў, было выдаленае.

Актывісты «Пошугу» такім чынам апісваюць мэты дзейнасці сваёй арганізацыі:

«Пошуг азначае выбліск святла або агню, таксама выкарыстоўваецца пры абазначэнні водбліску паўночнага ззяння. Нашая ўспышка, нашае ззянне накіравана на навакольны счарнелы свет, на ўкараненне светлых ідэй у розумы людзей, што жывуць побач. Людзей, якія знаходзяцца ў дрыгве зла і бесаўшчыны. Людзей, каторыя атручваюць сябе празмерным ужываннем рознага роду ядаў у выглядзе тытуню, алкаголю ды іншых наркотыкаў. Людзей, якія вядуць вайну на знішчэнне паміж сабой, а таксама з прыродай планеты Зямля. Людзей, што ствараюць ды спажываюць бруд. Людзей, якія забыліся, што яны людзі. Часам усяго толькі маленькага мігацення святла дзесьці зводдаль хапала стомленым заблудным падарожнікам, каб знайсці дарогу дадому, так і мы будзем спадзявацца, што наш бляск камусьці дапаможа выбрацца з цемры».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары