Што ён меў на ўвазе? Лукашэнку каментуе Ліпковіч


Што мае на ўвазе кіраўнік дзяржавы? Гэтым пытаннем задаецца кожны, хто хаця б аднойчы слухаў ягоныя выступы. А для цэлай прэсавай канферэнцыі трэба выклікаць цэлы штат тлумачальнікаў. Belsat.eu прапанаваў перакласці на нармальную людскую мову выказванні Лукашэнкі вядомаму блогеру Яўгену Ліпковічу.

Пра перамены ў краіне

Аляксандр Лукашэнка:
Імкненне чалавецтва, асобных грамадстваў, і асобных людзей да пераменаў жыве ў нас у крыві. Нам хочацца пераменаў, ніякіх застояў, рух наперад. Цудоўна. Калі б гэтага пачуцця ў людзей не было, мы б, напэўна, застылі ў застоі. Гэта натуральна. Але я, як кіраўнік дзяржавы, які адказвае за мільёны людзей (у тым ліку гэта паўплывае і на нашых суседзяў пэўным чынам), не маю права паддавацца падобным эмоцыям.

Я магу здзівіць любой мадэллю, але ці гатовыя вы пераварыць гэтую мадэль? Ці гатовае грамадства да тых вялікіх навацыяў, якія могуць прапанаваць палітыкі, у тым ліку я? Думаю, што не заўсёды.

Тая мадэль, якая была ў нас і існуе, – мы далёка не адмаўляемся ад гэтай мадэлі, сацыяльна-арыентаванай, мы ад яе ні ў якім выпадку не адмаўляемся. І я ад яе не адмоўлюся да канца свайго прэзідэнцтва. Мы гэтую мадэль намацалі, мы гэтую мадэль стварылі, мы гэты шлях вызначылі, і гэтым шляхам трэба ісці і не шарахацца, асабліва ў перыяд крызісу.

Яўген Ліпковіч:
Мяркуючы па ўсім, нас спрабуюць пераканаць, што маецца нейкая мадэль, якая дазваляе краіне нармальна існаваць у перыяд паміж дэвальвацыямі, якія, канешне ж, прыходзяць звонку. Гэтая мадэль сацыяльна-арыентаваная. Ні грамадства, а тым болей прэзідэнт, не гатовы змяніць уклад, які існуе, на нейкі іншы. Хутчэй за ўсё, сэнс мадэлі заключаецца ў неабходным спажывецкім мінімуме, дзе на адным канцы стала знаходзіцца «чарка і скварка», а на іншым – «майбах» і прэзідэнцкі самалёт. Некаторае раздражненне выклікаюць пенсіянеры, якія патрабуюць падвышэння пенсіяў, танных лекаў і складаюць нязручнасці ў паліклініках. Але гэта выдаткі, якія даводзіцца трываць дзеля стабільнай будучыні.

Пра дэвальвацыю нацыянальнай валюты

Аляксандр Лукашэнка:
Вы, напэўна, забыліся, калі нам давялося дэвальваваць нацыянальную валюту – мы не казалі пра гэта і не збіраліся гэтага рабіць напрыканцы мінулага года. Я вам абсалютна сумленна пра гэта кажу і вам намякнуў другі раз у сваёй гісторыі: хлопцы, усё залежыць ад вас. Калі вы зараз пачняце бегаць ад абменніка да абменніка і тыя няшчасныя беларускія рублі мяняць на валюту, канешне, мы не будзем чакаць, пакуль у нас увогуле спустошацца запасы ў Нацыянальным банку і ў нас не будзе залатавалютнага рэзерву. Канешне, вы нас штурхаеце да таго, што мы будзем вымушаныя ў нейкай ступені адпусціць нацыянальную валюту ў вольнае плаванне, што і давялося зрабіць. Дык якія да мяне прэтэнзіі?!

Я вас нават тады, насельніцтва, пра гэта не прасіў. Ведаю, што вы як шчырыя беларусы, мяне не паслухаеце. І вы паехалі. Вы за мінулы год набылі 60 тысяч аўтаў. Беларусы, якія зусім нядаўна завозілі гэты хлам са ўсяго свету. У дадзеным выпадку ў асноўным з Расеі вывезлі ўсё, што было ў Маскве ды Піцеры. Мяне інфармавалі, што беларусы прыехалі, скупілі ўсе аўты. Мы вымушаныя былі глядзець пашпарт, паколькі кошты не ўзняліся, трымалі ў Расеі. Мусілі беларусам прадаваць даражэй аўты. 60 тысяч! Галеча ў Беларусі – не праціснуцца на дарогах.

Яўген Ліпковіч:
Канешне, мы самі вінаватыя ў тым, што дэвальваваная нацыянальная валюта. Канешне, мы самі вінаватыя ў тым, што адзін з кіраўнікоў Нацыянальнага банку кіраваў фінансамі, пагрузіўшыся ў кому. Канешне, мы самі, абсалютна свядома пачалі здымаць грошы з рахункаў Нацыянальнага банку. Канешне, мы паехалі ў Расею і прывезлі 60 000 аўтаў. А як ён хацеў? Каб мы верылі, што Пракаповіч і Ермакова, якая прыйшла яму на замену, захаваюць нашыя грошы, уратуюць іх ад інфляцыі? Мы, канешне, гатовыя рабіць выгляд, што верым і давяраем яму, але не да такой жа ступені, каб паставіць пад пагрозу ўласныя ашчаджэнні. Мы – адзіная краіна сярод суседзяў нашых, якая не разлічылася з пазыкамі па ўкладах СССР. Літва, Расея і Украіна разлічыліся з грамадзянамі, а мы – не. Таму хай яны будуць шчаслівыя, што мы паспелі паздымаць грошы з рахункаў, а то было б як у Аргентыне.

Пра дзяржаўнае ўтрыманне цэнаў

Аляксандр Лукашэнка:
Мы ўсё маем для нармальнага развіцця. І калі нехта плача, што ўлады ў Беларусі трымаюць цэны на ўнутраным рынку, не даюць нацыянальнай валюце ў сувязі з дэвальвацыяй адмыслова скокнуць, я кажу: не тая сітуацыя, як была раней. Раней была нафта 120 долараў, паводле долара ўсе рэсурсы і сыравіна, што мы набывалі, былі даражэй у тры разы. Зараз ніжэй, значыць, і сабекошт ніжэй. Дык чаго ж вы патрабуеце, каб мы вам далі магчымасць распаясацца і напхаць свае кішэні болей, чым сёння ў Расеі і на Захадзе бізнесмены маюць?

Мы не зніжаем цану, хаця можна было б недзе націснуць. Мы просім: захавайце гэтую цану.

Урад атрымаў каманду. І мы гэтае пытанне вырашаем, калі яго нехта хоча вырашыць. На апельсіны, мандарыны, бананы ды іншую заразу, якую мы сюды завозім, падскочыла цана долара. Ну, бананы, напрыклад, каштавалі долар – учора гэта было 10-11, сёння – 13-14. Куды падзенешся? Ну, хто хоча есці бананы – калі ласка, ешце за 13-14 тысяч. Я бананы не ўжываю, шмат з вас таксама. Я вам шчыра кажу – перабемся.

Яўген Ліпковіч:
Ласкава запрашаем, спадары замежныя інвестары, у Залюстэре! Раней была нафта па 120 долараў, а бензін даражэў, цяпер нафта ніжэй за 50 долараў, але бензін усё роўна даражэе. Электраэнергія даражэе, і нам сарамліва тлумачаць падвышэнне індэксацый. Кураціна даражэе – гэта зразумела. Ніхто гэтак не завязаны на ваганні курса долара на міжнародных валютных рынках, як яна. Нам тлумачаць рост цэнаў ростам курсу долара. А чаму вы кантакты з братэрскай Расеей здзяйсняеце ў валюце верагоднага праціўніка? Чаму Упраўленне справамі прэзідэнта кошт арэнды плошчаў выстаўляе ў еўрах? Мо ў «кансерваторыі» трэба нешта паправіць?

Пра Майдан і вайсковую пагрозу для Беларусі

Аляксандр Лукашэнка:
Калі хтосьці мае ў галаве шалёную думку, што ў Беларусі будзе ці магчымы Майдан, то чым раней мы гэта выкінем з галавы, тым будзе лепей.

Пакуль я прэзідэнт, я маю дастаткова паўнамоцтваў і моцы, каб перадухіліць братазабойчую бойню.
Ёсць адмарозкі, ёсць. Ну, дык на гэта і ўлада, каб іх нейтралізаваць і не дапусціць страляніны адзін у аднаго. Хто хоча ваяваць (па-мойму, у Сірыі ідзе вайна), вярбуюць у шмат якіх месцах. На квіток грошы дамо, але ваяваць унутры нашай мірнай Беларусі нікому не будзе дазволена.

Што тычыцца нейкага расейскага «нашызму», то не хвалюйцеся, Расеі гэтага не трэба. Па другое, нават, у мяне ў галаве не ўкладаецца, што мы некалі, мы, рускія людзі, будзем ваяваць з расейцамі… Трэба супакоіцца, выкінуць гэтую брыдоту з галавы, у нас зашмат праблемаў, якія трэба вырашаць.

Ёсць некаторыя разумнікі, якія любяць палкі ў колы ўстаўляць, гэтак званыя «свядомыя» і асобныя, якія нібыта прыехалі, нібыта доўга жывуць тут і лічаць, што беларуская зямля – гэта частка рускага свету і ледзь не Расея.
Забудзецеся. Мы заўсёды былі гасцінныя да любога чалавека, але прымусім любога чалавека шанаваць наш суверэнітэт і незалежнасць. Мы свае землі не аддамо нікому.

Яўген Ліпковіч:
Цяжка сказаць, ці патрэбны Расеі «нашызм» у Беларусі. Прапанова Пуціна аб тым, што Беларусі трэба ўвайсці ў склад Расеі шасцю вобласцямі выклікала буру абурэння. Але гэтую прапанову ніхто не адмяняў. Атрымае па зубах Расея ва Украіне – супакоіцца на час. Не атрымае – мы наступныя. Якія рычагі расейцы будуць выкарыстоўваць дзеля рэалізацыі планаў паглынання – сказаць цяжка. Але вядома, што найбольш танны спосаб – скупка асобаў. Калі ў нас узровень жыцця будзе сурёзна ніжэйшы, чым у Расеі – мы не дадзім рады. Спадзяюся нашыя ўлады гэта разумеюць. Беларусізацыя скрозь зубы – вынік «крымнашу». І тое, што карычневы Праханаў, які на мінулых выбарах быў галоўным піяршчыкам Лукашэнкі, раптам знік з беларускай інфармацыйнай прасторы, таксама кажа пра шмат. Вектар мяняецца, а карціннае раздзіманне шчок: «Пакуль я жывы – не дазволю!» – гэта для самасцвярджэння.

Пра дармаедаў

Аляксандр Лукашэнка:
Не я падняў гэтыя пытанні. У грамадстве праблема віруе, і я вымушаны рэагаваць на гэта.
Ніякага лішняга ільгатавання не будзе, мы пастараемся пасярэдзіне прайсці.

Інваліды і іншыя – яны сваё атрымаюць, мы іх будзем падтрымліваць. Але той, хто мусіць працаваць, будзе працаваць. І да 14 гадоў сядзець ўдома і казаць: у мяне дзіця, я яго выхоўваю да 14 гадоў або нават да 7 гадоў – гэтага таксама не будзе, таму што ў пераважнай большасці нават да трох гадоў недацягнулі, дзіцятка ў садок танна на плечы дзяржаве, а сам сяджу, адпачываю.

Яўген Ліпковіч:
Рымскі імператар Веспасіян увайшоў у гісторыю тым, што абклаў падаткамі грамадскія прыбіральні. «Грошы не смярдзяць!», – запярэчыў ён незадаволенаму сыну. Мы ж увойдзем у гісторыю, як краіна, якая абклала падаткам сваіх непрацоўных грамадзянаў. Наступствы прыняцця дэкрэту цяжка прадказаць, але зразумела, што мы будзем аб’ектам з’едлівых жартаў. Магчыма, нам ускладняць умовы атрымання міжнародных крэдытаў (чаму б вам не паспрабаваць абкласці падаткам жаночыя ногі? Чым даўжэйшыя, тым болей выплаты). Кошт нашай працоўнай сілы, якая і так прайграе канкурэнцыю, падаражэе. Абмеркаванне лёсавызначальнага заканадаўчага акту праводзіцца за зачыненымі дзвярыма, і ніхто не можа сказаць, ці народзіць гара чарговаю мыш, або гэта будзе гэткае неверагоднае глупства, што людзі ў адплату паздымаюць грошы са сваіх укладаў і з’едуць з краіны.

ГМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары