Што яднае Прагу і Магілёў? 


І ў Празе, і Магілёве ёсць мясціны, цесна звязаныя з гісторыяй Беларускай народнай рэспублікі. Невыпадкова ў чэшскай сталіцы адбылася прэзентацыя магілёўскага выдання пра БНР.

У Доме нацыянальных меншасцяў у Празе магілёўскія гісторыкі прэзентавалі манаграфію пра дзейнасць першай беларускай афіцыйна зарэгістраванай арганізацыі. Гісторыкі Алесь Агееў і Ігар Пушкін напісалі кнігу «Фармаванне і дзейнасць Магілёўскага беларускага камітэту», інфармацыя з якой была ўключана ў друкаваны гід «Шляхамі БНР».

У кнізе Магілёў адзначаецца як цэнтр моцнага нацыянальнага руху ў 1917-1918гг. Менавіта ў гэтым горадзе першапачаткова прапаноўвалася праводзіць Усебеларускі з’езд 1917 года.

Даследчыкі з 2011 года збіралі інфармацыю і сёння прызнаюць, што ў адну кнігу яна не змясцілася. Зараз гісторыкі думаюць над выданнем другой часткі.

– Для нас было прынцыпова скончыць серыю прэзентацый сваёй кнігі менавіта ў Празе, дзе працаваў Урад БНР у эміграцыі, дзе вельмі шмат адрасоў, звязаных з гісторыяй БНР, – зазначыў адзін з аўтараў кнігі Алесь Агееў.

На прэзентацыю прыйшлі сябры беларускай арганізацыі ў Празе «Скарына».

АС, belsat.eu

 

Стужка навінаў