Што вырашае рэферэндум у Нідэрландах?


У Нідэрландах праходзіць рэферэндум з фармальным пытаннем аб ратыфікацыі дамовы аб асацыяцыі з Украінай. Палітычныя аглядальнікі кажуць, што вынікі плебісцыту будуць мець наступствы як для кіроўнай кааліцыі ўнутры краіны, гэтак і для Еўропы і краінаў за яе межамі.

Афіцыйна рэферэндум у Нідэрландах датычыць Украіны. Але некаторыя палітыкі ды эксперты разглядаюць яго як барометр грамадскіх настрояў у дачыненні да ўсёй Аб’яднанай Еўропы. Лідар галандскай ультраправай партыі «За свабоду» ХЭэрт Вілдэрс, які прагаласаваў супраць ратыфікацыі дамовы аб асацыяцыі з Украінай, тлумачыць чаму.

«Я думаю, што шмат якім галандцам надакучыла формула «больш Еўрапейскага Звязу» і гэтая дамова з Украінаю, якая па-сутнасці не ў інтарэсах галандскага народу, – можа паслаць паведамленне ў Брусель і да ўсіх элітаў па ўсёй Еўропе, што даволі значыць даволі. Спадзяюся, тым жа самым шляхам, пазней, пойдуць у Аб’яднаным Каралеўстве і паўсюдна ў Еўропе», – кажа Хээрт Вілдэрс, лідар партыі «За свабоду».

Галандскі ж прэм’ер-міністр Марк Рутэ выказаўся за паглыбленне палітычных і гаспадарчых сувязяў з Украінаю. Што праўда, урад Рутэ апошнім часам губляе падтрыманне выбарнікаў унутры краіны на фоне дыскусіі вакол далейшага лёсу блізкаўсходніх уцекачоў у Еўропе.

«Я галасаваў на карысць пагаднення аб асацыяцыі. Я лічу, што гэта важна, бо ў нас будзе больш стабільнасці на межах Еўрапейскага Звязу. Гаворка таксама ідзе пра дапамогу развіцця вяршэнства права, дэмакратыі, барацьбы з карупцыяй, пашырэнне эканамічных сувязяў, гандаль», – заявіў прэмʼер міністр Марк Рутэ.

Папярэднія даследаванні грамадскага меркавання сведчаць, што выніковая яўка можа скласці 32 %. Рэферэндум жа будзе лічыцца ўдалым пры галасаванні не менш за 30-ці адсоткаў ад усіх выбарнікаў краіны. На сярэдзіну дня самая вялікая яўка назіралася на поўначы, дзе свой голас аддалі 15 % выбарнікаў. У Ротэрдаме – 5,9%.

«Якое гэта мае значэнне, калі яны далучаюцца або калі яны гэтага не робяць? У нашай еўрапейскай сям’і ў мяне няма дастатковай інфармацыі, каб мець сваё меркаванне пра тое, што зменіцца ў Еўропе, калі яны далучацца ці не. Я паняцця не маю», – прызнаецца жыхарка Амстэрдаму Эрна.

Украінцы ж спрабуюць прыцягнуць увагу галандскіх медыяў да сваёй краіны. Кіеўскія студэнты зладзілі адмысловы флэш-моб каля будынку амбасады Каралеўства Нідэрландаў.

«Мы хацелі паказаць, што мы адзіныя ў пытанні нашай вонкавай палітыкі. Мы ведаем напэўна, што ўкраінская моладзь падтрымлівае еўрапейскую інтэграцыю і еўрапейскі шлях развіцця Украіны», – кажа студэнтка з Украіны Яна Ганчарэнка.

Праведзенае сацыёлагам Марысам дэ Гондам даследаванне паказвае, што 66 % выбарнікаў, выкажуцца супраць ратыфікацыі дамовы, 25 – за. Вынікі экзіт-полаў іншыя: прыхільнікаў асацыяцыі – 37 %, праціўнікаў – 30 %. Участкі для галасавання будуць адкрытыя да 21-ай гадзіны.

Афіцыйнае рашэнне жыхароў Нідэрландаў стане вядомым 12 красавіка, але якімі б яно ні было, вынікі плебісцыту будуць мець кансультацыйны характар. Разарваць дамову аб асацыяцыі ўпаўнаважаная толькі Еўрапейская Рада.

Ігар Кулей

Стужка навінаў