Што вядома пра крушэнне «Боінга» ў Растове-на-Доне


Машыны экстраных службаў сярод абломкаў разбітага «Боінга». Фота AP

У Растове-на-Доне ў ноч на 19 сакавіка разбіўся пасажырскі «Боінг-737» авіякампаніі «FlyDubai», які рухаўся рэйсам з Дубаю. Што вядома пра катастрофу?

Катастрофа

Паводле папярэдніх звестак, на борце было ад 61 да 62 чалавек – усе яны загінулі. Прычынай авіякатастрофы маглі стаць цяжкія ўмовы надворʼя.

Самалёт разбіўся пры заходзе на пасадку ў аэрапорце Растова-на-Доне прыкладна ў 250 метрах ад узлётна-пасадачнай паласы. Дакладна вядома, што на борце знаходзіліся 55 пасажыраў, якія былі пераважна з Расеі. Некалькі чалавек было з Украіны. Чальцоў экіпажу па розных звестках было альбо шэсць, альбо сем. У выніку катастрофы ўсе, хто быў на борце, загінулі.

Паводле звестак інфармагенцтваў, самалёт разбіўся падчас сваёй другой спробы прызямліцца: пасля першай пілоты вырашылі сысці на другі круг. З гісторыі палёту на сайце Flightradar24 вынікае, што сам палёт з Дубаю заняў каля чатырох гадзін, аднак затым самалёт яшчэ больш за дзве гадзіны кружыў вакол аэрапорту.

Найбольш верагоднай прычынай таго, што здарылася, называюць цяжкія метэаўмовы. У горадзе было абвешчанае штармавое папярэджанне, чакаўся вецер з парывамі да 28 метраў у секунду. Крыніцы медыяў у дыспетчарскіх службах не выключылі, што экіпаж з ААЭ не быў гатовы да пасадкі ў падобных умовах надворʼя.

Паводле слоў губернатара Растоўскай вобласці Васіля Голубева, гарадскія будынкі і жыхары гораду не пацярпелі. Аэрапорт, дзе адбылася катастрофа, часова зачынены, рэйсы перанакіроўваюцца ў іншыя аэрапорты, у тым ліку ў Краснадар. Па словах Голубева, чакаецца, што растоўскі аэрапорт адновіць працу не раней чым праз содні.

Самалёт

На дадзены момант дакладна вядома, што мадэль самалёта, які разбіўся – «Boeing 737-800». У якасці яго скарочанага абазначэння Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі выкарыстоўвае код B738. У сувязі з гэтым некаторыя медыі памылкова ідэнтыфікавалі лайнер як «Boeing 738», хоць такога самалёта не існуе.

«Boeing 737-800» належыць да трэцяга пакалення самалётаў «Boeing 737». «Боінгі» гэтага пакалення адрозніваюцца павялічанай далёкасцю палёту і перапрацаваным дызайнам салона.

Паводле сайту Planespotters.net, самалёт, які разбіўся, паступіў у эксплуатацыю крыху больш за пяць гадоў таму пад рэгістрацыйным нумарам A6-FDN. Свой першы рэйс ён здзейсніў 21 снежня 2010 года. Авіякампанія «FlyDubai» была яго першым і адзіным уладальнікам. Усяго самалёт мог змясціць да 174 чалавек.

Авіякампанія

Авіякампанія «FlyDubai» была створаная ў 2008 годзе і пачала выконваць камерцыйныя рэйсы праз год. Яе паветраны флот складаецца з 49 самалётаў «Boeing 737-800», сярэдні ўзрост якіх складае ўсяго тры з паловай гады. Да гэтага моманту ніводнай авіякатастрофы з удзелам самалётаў «FlyDubai» зарэгістравана не было.

Лайнеры «FlyDubai» выконваюць рэгулярныя рэйсы больш чым у 70 напрамках. Першыя рэйсы ў Расею ў кампаніі зʼявіліся ў кастрычніку 2010 года: яе самалёты пачалі лятаць у Екацярынбург і Самару. Цяпер «FlyDubai» выконвае рэйсы ў дзевяць расейскіх гарадоў, у тым ліку ў Маскву, Казань і Новасібірск.

Рэйсы FZ981 і FZ982 у Растоў-на-Доне і назад кампанія выконвае каля двух разоў на тыдзень. Пры гэтым самалёт, які разбіўся, паводле інфармацыі парталу Flightradar24, выконваў гэты рэйс упершыню за апошні час. У пятніцу ён здзейсніў рэйс з Дубаю ў Кіеў і назад, а да гэтага працаваў пераважна на ўнутраных рэйсах у ААЭ.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары