Што ўлады адказалі беспрацоўнаму, які спрабаваў давесці сваё «цяжкае становішча»


Наколькі складана знайсці ў Беларусі працу? Не прасцей чым беспрацоўнаму аплаціць гэтак званы падатак на дармаедства.

Нягледзячы на тое, што людзі гадамі стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці насельніцтва, беспаспяхова спрабуюць працаўладкавацца – падатак на дармаедства ім заплаціць усё ж такі прыйдзецца. Не знаходзячы вакансіі для беспрацоўных па іх кваліфікацыі, цэнтры занятасці могуць скіраваць на такі экзатычны занятак як адлоў бяздомных сабак і котак.

«Не адпавядае патрабаванням наймальніка», – такія словы каторы год запар чуе Віталь Калінічаў. Хаця бабруйчанін мае кваліфікацыю кіроўцы вежавага крана і электрапагрузчыкаў, усё што змаглі яму прапанаваць на біржы працы – заняцца адловам бадзяжных жывёлаў.

Але і ў «Спецаўтапрадпрыемстве», куды ён атрымаў накіраванне, у працы адмовілі. Бо няма адпаведных навыкаў. Хаця рэальнай прычынай адмовы можа быць проста адсутнасць вакансіі, лічыць Віталь Калінічаў.

«Наколькі я ведаю, у выніку атрымліваецца, што яны даюць на біржу працы сваю заяўку для таго, каб закрыць, не буду лаяцца, каб адно месца закрыць», – кажа беспрацоўны.

Бабруйчанін з 2012 года не мае стабільнай працы, з канца 2015 года ў чарговы раз зарэгістраваўся ў цэнтры занятасці. За месяц мужчына ў пошуках працы можа абыйсці некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, але безвынікова.

«Шмат якія прапановы, якія паступаюць са службы занятасці, зʼяўляюцца прыніжальнымі, асабліва такая праца як адлоў бадзяжных жывёлаў. Якая падрыхтоўка для гэтага патрэбная і якая кваліфікацыя? Які інстытут трэба скончыць, каб быць садыстам?» – не можа зразумець лідарка Бабруйскай арганізацыі прафсаюзу РЭП Галіна Смірнова.

Беспрацоўны бабруйчанін атрымлівае грашовую дапамогу ад дзяржавы, якая максімальна можа складаць 23 рублі ў месяц. Гэтых грошай хапае хіба на праязны, каб ездзіць па прадпрыемствах гораду ў пошуках працы.

«Добра, што мне маці дапамагае, яна пенсіянерка. Але колькі камуналка каштуе, плюс прыватызацыя па новых законах, плюс харчаванне і няма грошай зусім. Не хапае да канца месяца дажыць», – распавядае Віталь Калінічаў.

Але дзяржава не забылася спагнаць падатак за «дармаедства». Ні ў падатковай, ні на камісіі ў гарвыканкаме беспрацоўны не змог давесці, што не ў стане аплаціць падатак, хаця дадаткова разам з маці даглядае брата-інваліда.

«Я схадзіў у гарвыканкам на камісію, мяне там, як адчытаў мужчына, пасярэдзіне сядзеў, дэпутат можа, што мне не захацелася ўвогуле жыць у гэтым Бабруйску, у Беларусі. Зʼехаць адсюль куды-небудзь падалей. Такія законы папрыдумвалі дэпутаты ў Вярхоўным Савеце, што мама не гаруй», – здзіўляецца Віталь Калінічаў.

Усё, што застаецца рабіць даведзенаму да адчаю беспрацоўнаму – гэта збіраць подпісы за адмену дэкрэту аб гэтак званых «дармаедах». Каб не паўтарыць лёс тых жа бадзяжных жывёлаў, адловам якіх меў заняцца.

Чытайце таксама:

Наста Ільіна, belsat.eu

Стужка навінаў