Што ў Бруселі цікавіць Лукашэнку і хто яго туды запрасіў


У тым, хто запрасіў кіраўніка Беларусі на саміт «Усходняе партнёрства – Еўрапейскі звяз» і што чакае праект неўзабаве – разбіраўся Ігар Кулей.

Тэкст дэкларацыі сёлетняга саміту «Усходняга партнёрства», які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі, нарэшце ўзгоднены еўрапейскімі амбасадарамі. Дакумент ужо перададзены ўсім шасці краінам удзельніцам платформы. Адная рэзалюцыя для ўсіх, але не ўсе ў гэтым клубе на роўных пазіцыях.

Яўгеній Прэйгерман з Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў заўважае ў апошнія гады падзел краінаў-чальцоў «Усходняга партнёрства» на некалькі групаў.

«Яно адбываецца па факце, афіцыйна гэтага яшчэ ніхто не дэклараваў. Але ёсць тры краіны якія маюць ужо пагадненне аб асацыяцыі і бязвізавы рэжым: Украіна, Грузія і Малдова, – кажа Прэйгерман. – Ёсць Арменія і Азербайджан, якія, так бы мовіць, у другой групе, і падышлі да таго, каб мець пагадненне новага тыпу».

У трэцяй групе Беларусь. І хуткасць з якой расце розніца паміж гэтымі групамі толькі павялічваецца. Камітэт Еўрапарламенту па міжнародных справах запрапанаваў сёлета ўвесці мадэль «Усходняе партнёрства плюс», для самых прасунутых сябраў ініцыятывы: Малдовы, Грузіі ды Украіны. Рэфарматары праекту прапануюць стварыць мэтавы фонд з якога будуць ажыццяўляцца інвестыцыі ў гэтыя краіны. Беларусь у гэтай справе, хутчэй за ўсё, застанецца па-за бортам. Паміж Менскам і Еўразвязам няма нават нейкага базавага пагаднення аб супрацы.

Польскі даследчык Павэл Коваль, кіраўнік камісіі па парламенцкай супрацы ЕЗ–Украіна ў 2009–2014 гг. Павэл Коваль кажа, што «на гэтым этапе было ясна, што Еўразвяз вымушаны нешта зрабіць з «Усходнім партнёрствам» і запрапанаваць нешта новае».

«Украіна, Грузія і Малдова выразна патрабуюць асобнага падыходу. «Усходняе партнёрства» само развалілася ў фармат тры плюс тры», – кажа Коваль.

Але і для Беларусі гэты саміт можа не прайсці дарам. Кіраўнік Беларусі ўпершыню атрымаў персанальнае запрашэнне прыехаць у Брусель. Айчыны МЗС захоўвае інтрыгу і не кажа, ці Аляксандр Лукашэнка скарыстаецца запрашэннем. Але зразумела, што ён наўрад ці прапусціць гэтую магчымасць.

«З беларускага боку гэта будзе ўспрынятае як перамога, гэтак жа сама гэта прадставяць грамадскаму меркаванню ўнутры краіны, што акажа ўплыў на легітымізацыю Лукашэнкі, – лічыць Павэл Коваль. – Але ў гэтым раўнанні Еўразвяз таксама можа сказаць, што нешта атрымаў».

Унутры Беларусі сам факт запрашэння «апошняга дыктатара Еўропы», як яго яшчэ нядаўна называлі ў Бруселі, выклікаў гарачую дыскусію. Для адных такая паездка азначае незадаволенасць Масквы, якая неаднаразова называла «Усходняе партнёрства» пагрозай сваім інтарэсам у рэгіёне. Для апазіцыі ж гэта пытанне маралі і пагроза страты вагі свайго голасу ў еўрапейскіх кабінетах. Таму пытанне, ад каго паходзіла ініцыятыва запрасіць беларускага лідара, выклікае вялікую цікавасць.

Віцэ-міністр замежных справаў Літвы Дарус Скусявічус кажа, што запрашалі Аляксандра Лукашэнку прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і прэзідэнт Рады Еўрапарламенту Дональд Туск, а таксама Эстонія як кіраўнік Еўразвязу ў гэтым паўгоддзі.

Што думае пра гэты візіт афіцыйная Вільня, якую з Беларуссю дзеліць гарачая спрэчка з-за Астравецкай АЭС, Скусявічус адказаць не здолеў.

Але ці ёсць пра што Лукашэнку размаўляць з еўрапейскімі чыноўнікамі? Пакуль адныя будуць гаварыць пра імавернае далучэнне да энергетычнага і мытнага саюзу Еўразвязу, а таксама Шэнгенскае зоны, Беларусь, добра, калі пойдзе хоць на крок далей за падпісанне выніковае дэкларацыі. Раней Менск дасылаў у Брусель праекты некаторых пагадненняў, але іх лёс дагэтуль няпэўны.

«Гэта пакуль не публічныя дакументы, я не ведаю, што там насамрэч ёсць, – кажа Яўгеній Прэйгерман. – Мы ведаем што ёсць шэраг прапановаў кшталту адзінага электроннага рынку, якую Беларусь высунула некалькі год таму. Ён стаўся сёння адным цэментуючых праектаў для «Усходняга партнёрства». Будзе нешта такое – прагматычна-эканамічнага кшталту».

Эксперт дадае, што дакументы па візавым пытанні, якое паўтары гады таму дамінавала ў размовах паміж Менскам і Бруселем, на лістападаўскай сустрэчы «падпісвацца не будуць».

Цяпер Менск цікавіцца пошукам фармату, у якім клуб краінаў ніжэйшае інтэграцыі – Азербайджан, Арменія ды Беларусь – могуць атрымаць рэальную карысць ад удзелу ў праекце «Усходняга партнёрства» (таго, што без знаку «плюс»).

Ігар Кулей

Сюжэт выйшаў у выданні «ПраСвету» 13 кастрычніка

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў