Што трэба ведаць пра ліхаманку Зіка. Рэпартаж з Бразіліі

video

Найважнейшае пра самую небяспечную на сёння эпідэмію – з эпіцэнтру ліхаманкі.

Што за Зіка такая?

Вірус быў адкрыты ў 1947 годзе, пасля чаго цягам 60 гадоў медыкі зарэгістравалі толькі 15 выпадкаў захворванняў – пераважна ў Афрыцы ды Паўднёва-Усходняй Азіі. У 2007 годзе Зіка распачала шэсце з выспаў Мікранезіі на ўсход, цераз Ціхі акіян. Летась вірус трапіў у Паўднёвую і Цэнтральную Амерыку.

Глядзіце рэпартаж Вольгі Ермалаевай-Франко са штату Бая, адкуль ліхаманка распаўсюдзілася на ўсю Бразілію.

На сённяшні дзень у Бразіліі інфекавана 1,5 млн чалавек. Сусветная арганізацыя здароўя прызнала ліхаманку праблемай глабальнага маштабу.

Асноўная прычына інфекцыі – камары відаў Aedes aegypt і Aedes albopictusУ большасці выпадкаў інфекцыя працякае бессімптомна, а калі сімптомы з’яўляюцца, то падобныя да звычайнай прастуды ці грыпу. Небяспека ўзнікае, калі інфекаваная вірусам жанчына зацяжарвае.

Падазраюць, што ліхаманка звязаная з павелічэннем рызыкі захворвання на мікрацэфалію ў нованароджаных. Паводле САЗ, патрэбна яшчэ некалькі месяцаў даследаванняў, каб канчаткова даказаць існаванне сувязі паміж імі, але бразільскія лекары не маюць на гэты конт ніякіх сумневаў. Вірус знойдзены ў плодных водах цяжарнай жанчыны, у якой нарадзілася дзіця з мікрацэфаліяй. Тым не менш, САЗ чакае на канчатковыя вынікі даследавання. Пакуль жа Зіка – толькі «галоўны падазраваны».

1 сакавіка французскія даследчыкі з Інстытута Пастэра ў Парыжы пацвердзілі магчымую сувязь паміж вірусам Зіка і сіндромам Ґіена-Барэ, цяжкай неўралагічнай хваробай, якая выклікае цяглічную кволасць і праблемы з дыханнем. У людзей з аслабленым імунітэтам гэты сіндром можа выклікаць паралюш і нават смерць.

Ці перадаецца вірус Зіка палавым шляхам?

Напрыканцы студзеня дактары паведамлялі, што Зіка можа перадавацца праз палавы кантакт. Гэта азначала б, што мусяць быць асцярожныя не толькі жанчыны, якія жывуць у раёнах, дзе ёсць канкрэтныя віды камароў, але ўсе дамы, якія маюць сексуальныя кантакты з людзьмі, якія на працягу шасці месяцаў былі на абшары, ахопленым эпідэміяй.

Да нядаўняга часу магчымасць перадачы віруса палавым шляхам мела выключна гіпатэтычны характар, але цяпер Міністэрства здароўя Францыі пацвердзіла першы такі выпадак. Інфекаваная жанчына мела незабяспечаны палавы акт з чалавекам, які вярнуўся з Бразіліі. Жанчына зацяжарала і адчувае сябе добра, але сам факт яе інфекцыі пацвярджае гіпотэзу гіпотэзу пра магчымасць перадавання віруса палавым шляхам. Да дзясятка падобных выпадкаў адбылося таксама ў Злучаных Штатах.

Такім чынам, большасць арганізацыяў, якія займаюцца аховай здароўя рэкамендуюць выкарыстоўваць прэзерватывы цягам 6 месяцаў пасля вяртання з тэрыторыяў, што зведалі прысутнасць віруса.

Ці прыйдзе Зіка да нас?

Пагроза эпідэміі ліхаманкі Зіка ў Беларусі мінімальная. Камароў, што перадаюць вірус, у нас няма, таму асноўную рызыку ўяўляюць толькі тыя, хто нядаўна вярнуўся з краінаў, дзе зарэгістравана мноства выпадкаў хваробы. Найлепш – пазбягаць паездак у краіны, што пацярпелі ў выніку ліхаманкі ды не займацца сексам з людзьмі, якія вярнуліся з такіх месцаў.

Напэўна, хвалі захворванняў беларусаў варта чакаць, калі з Бразіліі вернецца нашая алімпійская зборная. Сёлета гульні пройдуць менавіта ў Бразіліі, з 5 па 21 жніўня.

Аднак ёсць шанцы, што да жніўня хваробу перамогуць: САЗ абвесціла, што да чэрвеня выдаткуе $ 56 млн на барацьбу з вірусам – у першую чаргу на стварэнне вакцыны.

Дзе хварэюць на Зіку сёння?

Ліхаманка закранула больш як 30 краінаў – інфекцыю зарэгістравалі ў Балівіі, Мексіцы, Дамініканскай Рэспубліцы, Коста-Рыцы, Тайландзе, Кабу-Вэрдэ, на Ямайцы ды Мальдывах. Гэтак, у Калумбіі сёння налічваюць 32 тыс. хворых, у тым ліку 5 тыс. цяжарных жанчын.

Ліхаманка Зіка імаверна звязаная з мікрацэфаліяй у нованароджаных ад інфекаваных маці.

Адзінкавыя выпадкі заражэння зарэгістравалі ў Паўднёвай Афрыцы, Кітаі і Расеі. Усе інфекаваныя нядаўна вярнуліся з вышэйпералічаных краінаў.

Нядаўна вірус выкрылі і ў Еўропе. Ва ўсіх выпадках інфекаваныя – турысты, якія нядаўна наведалі Паўднёвую Амерыку. Сярод іх – два чэхі, тры брытанцы, дзесяць галандцаў, іспанец і славак.

Эксперты прагназуюць, што, улічваючы маштабы распаўсюджвання віруса ў Паўднёвай Амерыцы і любоў еўрапейцаў да вандровак, выпадкаў захворвання будзе прыбываць.

ДД

Глядзі таксама
Каментары