Што страцілі затрыманыя па «справе патрыётаў»? Працу, тэхніку, але не каханне


СІЗА-1

14 чалавек застаюцца за кратамі па «справе патрыётаў». Па звестках праваабаронцаў, у ходзе следства праз арышты прайшлі 35 асобаў. Belsat.eu высветліў, што мяняецца для некаторых з ніх, пакуль у СІЗА няма магчымасці кіраваць уласным жыццём? Некаторыя губляюць працу, іншыя – упэўніваюцца ў пачуццях.

У турме можна згубіць амаль усё, але не каханне. Прынамсі, Міраслаў Лазоўскі і ягоная нявеста Святлана пачалі планаваць вяселле. У лістах яны абмяркоўваюць, як і калі гэта зрабіць найлепш.

«Мы чакаем яшчэ інфармацыю ад адваката, што патрэбна для гэтай працэдуры і калі нам лепш распісацца : зараз ці пасля суду. З аднаго боку, пасля суду на вяселле даюць тры спатканні ў падарунак. Калі распісацца зараз, то ў нас будзе толькі некалькі хвілінаў разам. Але яшчэ невядома, калі той суд будзе», – распавяла Святлана.

Міраслаў Лазоўскі

Дзяўчына кажа, што лісты да Міраслава і назад прыходзяць рэгулярна, а Міраслаў настроены пазітыўна.

Міраслаў Лазоўскі працуе памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». Дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі паведаміў belsat.eu, што Міраслаў праз адваката напісаў заяву на адпачынак на неабмежаваны тэрмін, і калі ён выйдзе, до будзе працаваць на сваім месцы, як і да затрымання.

«Канешне, нам не хапае яго. Усё было наладжана, ён быў у курсе ўсіх справаў», – кажа Генадзь Вінярскі.

Чытайце таксама:

Мастак-дызайнер Андрэй Бяляўскі быў вызвалены 2 -ога чэрвеня, але дагэтуль не мае магчымасці працаваць. Следчыя забралі ягоны працоўны кампʼютар і пакуль што невядома, калі яго аддадуць і ці аддадуць наагул. Андрэй – фрылансер, і графіка для мастака – і праца, і хобі. Таму пакуль што ён не можа не толькі зарабляць грошы, але і маляваць для свайго задавальнення.

«Яны ўсё абяцаюць, што хутка аддадуць, то я не прашу ў пазыку і не купляю новы, чакаю пакуль. Але калі гэта будзе цягнуцца, то трэба будзе вырашаць пытанне. Мне ўжо хочацца хутчэй працаваць, зарабляць на жыццё», – кажа Андрэй.

Андрэй Бяляўскі стварае графіку для кампʼютарных гульняў і жартуе, што ў галаву прыходзілі думкі стварыць кампʼютарны квэст пра СІЗА.

«Такі досвед не забудзеш, і ён будзе мець уплыў на творчасць, канешне. Але пакуль не ведаю, якім чынам», – кажа Андрэй.

У Нацыянальным гістарычным музеі шкадуюць, што  Аляксандр Зімніцкі гісторык і адзіны знаўца калекцыі зброі адсутнічае. Адміністрацыя музею нават пісала хадайніцтва ў КДБ аб тым, што Аляксандр вельмі патрэбны на працы. На гэты час ён не звольнены з музею.

«Ён неабходны нам, бо калекцыя, з якой ён працаваў, вельмі патрэбная, вельмі папулярная, але і складаная, там шмат прадметаў: абмундзіраванне, зброя, кальчугі, стрэлы, шлемы – усё, што звязана з баявымі дзеяннямі. Ён вельмі добра ўсё гэта ведае, выдатна разбіраецца ў сваёй працы. Гэтая тэма – вузкая і вельмі складана знайсці падрыхтаванага спецыяліста. І зараз мы як без рук», – кажа Людміла Талкачова, якае выконвае абавязкі кіраўніка аддзелу археалогіі, нумізматыкі і зброі ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Анатоль Яўдаха, бацька кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдахі распавёў, што ад Алеся таксама рэгулярна прыходзяць лісты. З СІЗА Алесь паведамляе, што з ім не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў, ён проста сядзіць і нічога не адбываецца. Бацька кажа, што ў сына настрой хутчэй добры, чым дрэнны.

«Але ж ён вельмі сціплы, што тычыцца расповедаў пра сябе, ён мала пра гэта піша», – кажа Анатоль Мікалаевіч.

Алесь Яўдаха

Алесь Яўдаха – кніганоша, і ягоны прыгожы бізнес без гаспадара затрымаўся. Алесь знаходзіцца ў СІЗА ўжо амаль тры месяцы. 

«Алеся няма і справы няма. Гэта ж натуральна, акрамя Алеся, ніхто ж не будзе рабіць працу за яго», – кажа Анатоль Яўдаха.

Па тэме:

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары