Што рабіць, калі вы жывяце за мяжой, а падатковая запісала вас у «дармаеды»


Пакрокавая інструкцыя, як вызваліцца ад выплаты збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў, калі вы больш за паўгода не жылі ў Беларусі.

За апошнія дні ў разы вырасла колькасць лістоў з патрабаваннем заплаціць збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Накіравалі такія лісты і тым, хто ўжо доўгі час жыве за мяжой. Згодна з дэкрэтам «Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства», асобы, якія былі ў краіне менш за 183 дні ў каляндарным годзе, не мусяць плаціць збор. Калі вы належыце да гэтай групы і атрымалі «ліст шчасця» – ніжэйшай інструкцыя для вас.

1. У правым верхнім куце на старонцы Міністэрства па падатках і зборах выбіраем укладку «Электронны зварот», і ў вакне, якое зʼяўляецца, – «Звароты грамадзянаў».

2. Трапляем на форму звароту, якую трэба запоўніць. У калонцы «Каму» выбіраем падатковую інспекцыю па адрасе, на які вам даслалі паведамленне пра выплату збору. У тэксце паведамлення варта пазначыць, што ў 2015 годзе (за які зараз патрабуюць плаціць збор) вы больш за 183 дні знаходзіліся за мяжой, у чым падаткавікі могуць упэўніцца, скарыстаўшыся базай перасячэння мяжы. Працаўнікі падатковай маюць магчымасць праверыць колькасць дзён знаходжання за мяжой па канкрэтным грамадзяніне, калі ён прадставіў у адпаведныя органы інфармацыю пра сваю адсутнасць у краіне.

3. Больш нічога рабіць не трэба, чакаем адказ з падатковай аб вызваленні ад выплаты збору.

Міністэрства падаткаў і збораў разглядае электронныя звароты за такі самы час, як і пісьмовыя, – не больш за 15 дзён, а ў выпадку, калі патрэбныя дадатковае вывучэнне і праверка, – не больш за месяц, калі іншы тэрмін не прызначаецца законамі.

Глядзіце таксама >>> «Лісты шчасця» ад падатковай

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары