Што пішуць пра «Белсат» у Швейцарыі?


Швейцарскі інтэрнэт-часопіс пра медыі зацікавіўся дзейнасцю «Белсату» ды апублікаваў артыкул, прысвечаны незалежнаму тэлеканалу.

Аўтар матэрыялу Енс Маттэрн адзначае на партале Medienwoche.ch, што цяпер пра Менск у Еўропе гавораць не як пра сталіцу дыктатуры, дзе парушаюцца правы чалавека, а як пра пляцоўку перамоваў дзеля міру ва Украіне. Паводле аўтара, Беларусь, якая раней была «пудзілам Еўропы», сталася «пасярэднікам паміж Расеяй і Украінай, а нават паміж Усходам і Захадам».

Праз адносны спакой у «апошняй дыктатуры Еўропы» ды праз засяроджанне міжнароднай грамадскай думкі на Украіне і Сірыі, знікае цікавасць замежных краінаў да Беларусі і да падтрымання дэмакратыі ў нашай дзяржаве, канстатуе спадар Матэрн.

Усё гэта не спрыяе таксама незалежнаму тэлеканалу «Белсат», які ўжо 9 гадоў працуе па-за беларускімі межамі, але дзеля Беларусі, адзначае аўтар матэрыялу.

Фінансаваць «Белсат», да прыкладу, адмовіліся скандынаўскія краіны, якія раней значна падтрымлівалі незалежны тэлеканал. На сённяшні дзень беларускамоўнае тэлебачанне фінансуецца перадусім Міністэрствам замежных справаў Польшчы, якое пакрывае 70 % выдаткаў тэлеканалу, падкрэслівае Енс Матэрн.

Хоць «Белсат» месціцца ў Польшчы, шмат журналістаў працуе ў Беларусі. Улады Беларусі не даюць акрэдытацыі тэлеканалу з палітычных меркаванняў, а ў сваю чаргу пераследуюць незалежных журналістаў за працу без акрэдытацыі.

«Пракуратура пільнуе выпускі навінаў і пазней карае журналістаў за зробленае без акрэдытацыі відэа», – цытуе швейцарскі партал словы кіраўніка аддзелу інфармацыі «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага.

Як падае спадар Енс Матэрн, «Белсат» – гэта канал, які зусім не скіраваны супраць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Незалежная тэлевізія проста звяртае ўвагу на тыя аспекты, якія пазбягаюць асвятляць дзяржаўныя медыі.

«Але «Белсат» можа і хваліць улады, калі ёсць на тое падставы – тэлеканал вітаў той факт, што ўлады пачалі больш падтрымліваць беларускую мову, якая раней была выгнаная з усіх сфер», – адзначае аўтар.

Паводле яго, «Белсат» глядзяць перадусім у малых гарадах, мястэчках і вёсках, дзе не надта распаўсюджанае кабельнае тэлебачанне і інтэрнэт. Праз гэта незалежны тэлеканал удзяляе даволі шмат увагі рэгіянальным праблемам ды сацыяльным тэмам.

«У Менску знаходзяцца інтэлектуальнай эліты, але мы не павінны грэбаваць правінцыяй», – цытуюцца словы Аляксея Дзікавіцкага.


Medienwoche.ch – гэта незалежны швейцарскі інтэрнэт-часопіс, прысвечаны сусветным медыям. Рэдакцыя публікуе шматлікія аналізы, інтэрвʼю, справаздачы, меркаванні адмыслоўцаў – усё, што датычыць свету медыяў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў