Алексіевіч збіраецца купіць свабоду


Сёння а 13:01 старонкі ўсіх буйных міжнародных медыяў апублікавалі буйныя матэрыялы на тэму «Хто такая Святлана Алексіевіч?».

Ужо праз хвіліну пасля абвяшчэння вынікаў усе міжнародныя СМІ змясцілі матэрыялы пра пісьменніцу. Найбольш шанцаў букмекеры аддавалі менавіта нашай суайчынніцы – відавочна журналісты падрыхтаваліся загадзя.

Свабода за мільён долараў

Брытанскі The Guardian піша, што званок Шведскай акадэміі заспеў пісьменніцу «дома за прасаваннем». Алексіевіч прызналася, што ўзнагарода пакідае «складаныя пачуцці: фантастычныя, але неспакойныя». Выданне публікуе адказ Алексіевіч на пытанне, што яна купіць за прызавыя грошы: «свабоду».

«Напісанне кнігі – доўгі працэс, ад пяці да дзесяці гадоў. У мяне ёсць дзве ідэі для кніг, таму цяпер я магу свабодна над імі працаваць», – кажа Святлана Алексіевіч.

Журналісты цытуюць сакратарку Шведскай акадэміі Сару Даніус, якая назвала Алексіевіч «экстраардынарнай пісьменніцай», якая стварыла незвычайныя «гісторыі эмоцыяй, гісторыі душаў».

Пісьменніца і журналіст

Dagens Nyheter з радзімы нобэлеўскай прэміі цытуе спосаб працы Алексіевіч: «Я збіраю матэрыялы як журналіст, але потым працую з імі як пісьменніца. Я даю слова тым, хто мае права быць пачутым, але не можа патрапіць на старонкі кніг іншым чынам».

Амерыканскі Time піша, што Алексіевіч выкарыстоўвала свае журналісцкія здольнасці ў стварэнні «літаратурнай хронікі вялікіх трагедый Савецкага Саюза і падзення самой імперыі – Другой сусветнай вайны, афганскай вайны і Чарнобылю». Аўтар матэрыялу прыгадвае, што Алексіевіч была друкаваная ў 19 краінах, і апроч сваіх кніг напісала таксама 21 сцэнар дакументальных фільмаў.

У спецыяльным даведніку па жыцці Алексіевіч The Guardian раіць англамоўным чытачам кнігі, з якіх лепш пачынаць знаёмства: «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд».

Аўтар ва ўмовах дыктатуры

Newsweek прыгадвае, што ў 2000 годзе Алексіевіч трапіла пад прыцэл лукашэнкаўскага рэжыму: яе абвінавацілі ў супрацы з амерыканскімі спецслужбамі, тэлефон пісьменніцы праслухоўваўся, а творы перасталі публікаваць.

Папулярны ў Польшчы грамадска-палітычны часопіс Polityka цешыцца, што Шведская акадэмія сёлета не здзівіла і, насуперак традыцыі выбіраць самага нечаканага сярод прэтэндэнтаў, абрала Алексіевіч. Выданне прыгадвае, што такое ў гісторыі здарылася толькі аднойчы – у 2006 годзе, калі абралі самага верагоднага са спіса кандыдатаў – Архана Памука з Турцыі.

Сёлета канкурэнтамі Алексіевіч на прэмію Нобэля былі таксама японец Харукі Муракамі, кеніец Нгугі Ўа Тхыёнг’о і нарвежац Йон Фосэ.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў