Што падштурхнула падлетка з сацыяльнага прытулку да спробы суіцыду. Рэпартаж


У сацыяльным прытулку ў Ганцавічах 12-гадовы падлетак спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Цяпер ён перабывае ў шпіталі, і ягонаму жыццю нічога не пагражае.

Пра здарэнне маці хлопчыка, імя якой з этычных прычынаў мы не называем, даведалася выпадкова ад знаёмай. З самога прытулку ёй нават не паведамілі.

«Павінныя былі мяне таксама ў вядомасць паставіць. Я ж маці, я ж вам здаровае дзіця аддала. Аддайце вы мне здаровае дзіця. Вы ж узялі такую адказнасць. Займаеце пасаду. Вам жа за гэта грошы плоцяць, вы ж адказваеце за яго. У мяне 8 дзяцей. Хата малая, дык у мяне ніхто ніколі такога не рабіў», – кажа Марыя, маці хлопчыка.

Прычынаў здарэння жанчына так і не даведалася. Да яе дайшлі чуткі ад сведак пра тое, што адбывалася пасля таго, як сына знайшлі павешаным.

«Што прыехала не рэанімацыя, а прыехала другая хуткая, звычайная. А ў той хуткай быў замерзшы кіслародны балон, прынеслі ваду ды пачалі грэць той кіслародны балон», – працягвае Марыя.

Цяпер высвятленнем абставінаў здарэння займаецца Следчы камітэт. Сам хлопчык прыйшоў у сябе, з рэанімацыі яго перавялі ў звычайнае аддзяленне. Дактары кажуць, што ён не памятае, што адбылося ў той вечар.

Загадчыца прытулку Алена Новік дзеліцца сваім бачаннем сітуацыі:

«Невядома. Вядзецца следства. Нават не разумеем, бо дзяцёнак быў вясёлым, здаровым, камунікабельным. У яго не было канфліктаў ні з дзецьмі выхаванцамі, ні з аднагодкамі ў школе».

У прытулку кажуць, што дзяцей забралі ў бацькоў у пачатку верасня праз неналежныя ўмовы утрымання ды злоўжыванне бацькамі алкаголю. Да таго ж працаўнікі адзначаюць, што мама з татам рэдка наведваюць малых.

«Яны прыехалі толькі 24 снежня. Былі навагоднія святы, было Раство. І другі раз пасля паседжання камісіі яны наведалі дзяцей толькі 9 студзеня. У той дзень, калі ўвечары здарылася гэта няшчасце», – адзначае Алена Новік.

Бацькі ж кажуць, што ў прытулку на гэты момант, разам з іхнымі малымі, 10 дзяцей, працаўнікоў – болей. Калі выхаванцаў не стае, сацыяльныя службы ладзяць рэйды і шукаюць, у каго яшчэ забраць дзяцей, каб прытулак не закрыўся.

«Мы былі выпіўшы. Я тады пасля працы. Так вось атрымалася, яны прыехалі, ім трэба было як кажуць… Ну вось, дапусцім дзяцей забралі з прытулку, і ў прытулак трэба было яшчэ дадаць. Вось яны нашых дзяцей злавілі і ўсё, і пайшлі», – каэа Павел, муж маці.

Дзяцей мусілі вярнуць пасля паўторнай камісіі ў снежні. Бацькі сцвярджаюць, што закадаваліся, навялі парадак у хаце. Але малых пакінулі ў інтэрнаце, бо правяральнікі падлічылі, што не хапіла аднаго спальнага месца: бацькі планавалі на паўтарамясцовым ложку размясціць дваіх хлопчыкаў.

«З Баранавічаў я яго буду адразу весці дадому. Хай хоць міліцыя, хоць хто хоча, усё адно я яго дадому забіраю», – заяўляе Павел.

Цікава, што дома, у сям’і з васьмю дзецьмі, адзіная выява хлопчыка – з газеты. Малых бацькі ніколі не фатаграфавалі.

Чытайце таксама:

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Стужка навінаў