Што неўзабаве чакаць ад дэнамінаванага беларускага рубля і беларускай эканомікі?


2 да 1. Такія суадносіны рубля да долара апошні раз беларусы бачылі ў 91-м годзе. Праз 25 гадоў і пасля сумарнага спісання васьмі нулёў, сёння за амерыканскую валюту зноў даюць менш за дзве айчынныя адзінкі. Гэтакі курс айчыннай валюты ўсталяваўся на першай пасля дэнамінацыі сесіі валютна-фондавай біржы. Але што далей чакае беларускі рубель, які ў адзін момант зрабіўся самаю моцнаю валютай сярод суседзяў?

Як прызвычайваюцца да новых грошай звычайныя беларусы, мы спыталі жыхароў Магілёва.

«Ніякай праблемы. Вядома, у старэйшых людзей… іх падманваць будуць», – мяркуе мінак.

«У касіраў праблемы, яны бедныя расстройваюцца. Бо з калькулятарамі пастаянна сядзяць, і кажуць, вось 10.06 гэта колькі, Br 100 600? Адзін у аднаго кансультуюцца», – дзеліцца назіраннямі дзяўчына.

Экс-старшыня Нацбанку Пётр Пракаповіч на нядаўнім Усебеларускім сходзе заявіў, што пасля дэнамінацыі беларускі рубель будзе наймацнейшаю валютай сярод краін-суседак. Што праўда, раней аптымістычныя прагнозы чыноўніка нярэдка гучалі акурат напярэдадні крызісаў, як гэта было ў 2011 годзе.

Эканамічны аглядальнік выдання «Беларусы і рынак» Уладзімір Тарасаў канстатуе, што цяперашняе выказванне Пятра Пракаповіча таксама гучыць на фоне трывожных тэндэнцыяў. Па-першае, айчынная валюта трымаецца дзякуючы таму, што насельніцтва распрадае свае доларавыя запасы ў выніку змяншэння заробкаў. Аптымістычнымі заявамі чыноўнікі спрабуюць захаваць гэтую крохкую тэндэнцыю. Другі чыннік, які завышае курс долара, – жорсткая грашова-крэдытная палітыка.

«Не будуць друкаваць грошы, ёсць шанец застацца самай моцнай валютай сярод краін-суседзяў. Пачнуць зноў ужываць старыя практыкі, зноў можа апынуцца валюта самай слабой», – іранічна прагназуе старэйшый аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Але ці доўга ўлады змогуць яшчэ ўстрымлівацца ад пашырэння грашовай масы – пад вялікім пытаннем. Без надрукаваных субсідыяў фінансы дзяржаўных прадпрыемстваў імкліва набліжаюцца да прорвы. Чыстыя страты неэфектыўных заводаў выраслі за год удвая. З пачатку года прадпрыемствы здолелі аплаціць толькі крыху больш за палову спажытай электраэнергіі, а колькасць нявернутых пазыкаў банкам падскочыла амаль у два разы.

«Магчымасці раздзяляюцца на варыянты ад вельмі плаўнага зніжэння беларускага рубля, якое не будзе перавышаць інфляцыі, да вяртання да гіперінфляцыі, то бок усё залежыць ад дзяржаўнай палітыкі, нічога не перадвызначана», – тлумачыць Вадзім Іосуб.

Паводле аглядальніка выдання «Беларусы і рынак», адмаўляючыся ад рашучых рынкавых рэформаў, улады пакідаюць два сцэнары развіцця. Калі грашовыя ўліванні будуць абмяжоўваць і далей, рубель будзе дэвальвавацца плаўна – на 10–20 % на год, але вынікам будзе лавіна банкруцтваў і звальненняў. Калі гэта выльецца ў сацыяльныя хваляванні, улады, імаверна, вернуцца да друкавання грошай. А тады курс долара і цэны зноў пачнуць абрастаць дадатковымі нулямі

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў