«Што не сям’я, то чую размовы: як выжыць?»: беларусы не вераць айчыннай статыстыцы


Нягледзячы на эканамічны крызіс у Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, узровень жыцця хатніх гаспадарак паляпшаецца. Гэтак, за першае паўгоддзе сёлета прыбыткі сем’яў і адзінокіх асобаў у сярэднім выраслі на 17 адсоткаў. Але пазітыў знікае пасля супастаўлення з іншымі лічбамі нават афіцыйнай статыстыкі.

Па-першае, сёлетні рост значна запаволіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У 2014-м за першыя 6 месяцаў прыбыткі хатніх гаспадарак павысіліся на амаль 26 адсоткаў. А калі пры гэтым яшчэ ўлічваць узровень дэвальвацыі беларускага рубля за першыя паўгода амаль на траціну, тады сітуацыя ўвогуле крытычная.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:

«Наконт даходаў – гэта проста анекдот! Даходы толькі падаюць, адназначна! Што не сям’я, то чую размовы: як выжыць?».

«Калі па маёй сям’і лічыць, ды даходы значна скараціліся».

«У параўнанні з коштамі, якія растуць, даходы памяншаюцца».

Згодна са звесткамі Белстату больш за траціну сем’яў у разліку на адну асобу маюць прыбытак меншы за тры мільёны. Пры гэтым амаль 23 адсоткі з сямейнага бюджэту выдаткоўваюцца на аплату паслуг, 32 – на нехарчовыя тавары ды амаль палова ў беларускіх сем’ях ідзе на харчаванне.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, ЭКАНАМІСТ:

«Безумоўна, гэта вялікая лічба, яе можна параўноўваць з аналагічнаю лічбаю ў Расеі. Але што датычыць Польшчы ці Літвы, нашых бліжэйшых суседзяў, на якіх мы павінны раўняцца, то там гэтая лічба непараўнальна меншая».

Нягледзячы на заявы Лукашэнкі пра Беларусь як сацыяльна арыентаваную краіну, велізарнаю застаецца колькасць сем’яў за рысаю беднасці – тых, хто жыве менш, чымся на паўтара мільёна рублёў за месяц: такіх у Беларусі больш за 135 тысячаў. І паводле некаторых адмыслоўцаў, эканамічная сітуацыя ў Беларусі бліжэйшым часам не палепшыцца. Як паказвае практыка, пасля выбараў непазбежна прыходзіць час крызісу.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў