Што на стале, тое і ў галаве: запаветы маладога фуд-блогера


Да фуд-блогера варта прыходзіць на пусты страўнік і з бутэлькаю віна. Нават у час крызісу і адурманьвальнага дармаедства вас чакаюць простыя, але смачныя стравы, прыгатаваныя з радзімай садавіны ды гародніны.

Што такое крастыні (іт. crostini) і як ежа-эскейп ратуе ад эмацыйнага перагарання, даведаемся ад маладой фуд-блогеркі Люсі Галкінай. Дзяўчына пачала цікавіцца прафесійным фудпорнам некалькі месяцаў таму, але нават за такі кароткі час гатаванне змяніла ейнае жыццё да лепшага.

[vc_single_image image=”368053″ img_size=”large”]

Гатаваць – гэта маё

Я працавала ў трох розных IT-фірмах. І аднойчы адчула прафесійнае і эмацыйнае перагаранне. Тады зразумела, што сядзець за камп’ютарам па дзесяць гадзінаў мне не падабаецца, і сышла ў нікуды, шукала сябе. У пэўны момант адчула: гатаваць – гэта маё.

Мой блог мае назву «Гастракот». Насамрэч яшчэ задоўга да таго, як яго завесці, я проста села і намалявала лагатып – атрымаўся такі хатні сыты кот. Мне хацелася, каб ён выпраменьваў утульнасць, цяпло і гасціннасць. Увесну з’явіўся і блог. Я вучылася ўсяму сама. Пачала цікавіцца прафесійнаю кухняй. Атрымалася пастажыявацца ў некалькіх менскіх рэстаранах і кандытарскіх, паглядзець на «ежа-прадакшн» знутры.

 

 

Мне падабаецца, калі людзям смачна

Я ведаю кухараў, якім хапіла проста вялікага жадання працаваць у прафесіі, яны ўладкаваліся ў добрыя рэстарацыі, хоць у іх няма адпаведнай адукацыі. Але я таксама зразумела, што праца кухарам – гэта хутчэй за ўсё не маё, бо іхная праца вельмі манатонная і не крэатыўная. Кухары ў рэстаранах гатуюць адно і тое ж кожны дзень. У іх няма свабоды, яны не могуць змяняць рэцэптуры страваў. А я хачу ствараць і эксперыментаваць! Аказалася, што на цяперашні момант мая хатняя кухня – найлепшае месца для гэтага.

Мне б хацелася манетызаваць свой блог, але пакуль я працую над цікавым кантэнтам і рэцэптамі ды вельмі шмат гатую для сяброў і знаёмых. Мне цяжка адмаўляць, і калі яны кажуць: «Люся, зрабі чарнічны пірог», – я раблю. Да таго ж мне цяжка браць за гэта грошы, бо я атрымліваю ад гатавання асалоду. Мне падабаецца, калі людзям смачна.

 

 

Я атрымліваю нашмат больш пазітыўных водгукаў, чым за пяць гадоў на былой працы. Мне прыемна, што я натхняю незнаёмых людзей, якія ўвогуле ніколі не захапляліся кухняю, гатаваць і дзяліцца сваймі варыяцыямі.

Нешта зусім новае вынайсці цяжка. Я спрабую імправізаваць, заўсёды дадаваць нешта сваё. Улюбёнага рэцэпту, пэўна, няма, або іх вельмі шмат. Мне падабаецца гатаваць з сезоннай садавіны ды гародніны, а ўвогуле я вельмі люблю халаднік!

«Люся, колькі важыць твой муж?»

Усе пытаюць, хто даўно нас не бачыў, колькі важыць мой муж. Але скажу па сакрэце, што ягоным калегам вельмі пашчасціла! Сёння, напрыклад, нічога для іх не перадавала, і яны ўжо пытаюцца, калі наступным разам ён нешта прынясе. А ўвогуле, ён нармальна важыць, бо ўся ежа – здаровая і карысная.

 

 

Я бачу іншых людзей, якія гатуюць і нешта робяць у харчовым бізнесе, і мяне гэта ўражвае: як яны гэта робяць? Гатаванне ўдома і продаж – гэта ўсё нелегальна. То бок законы ў нас такія, што ты не можаш адкрыць ІП на хатняй кухні. Трэба арандаваць прафесійную, афіцыйна ўзгадніць рэцэпты і мець санітарную кнігу.

Нягледзячы на юрыдычныя цяжкасці ды тое, што мяне не прываблівае праца кухарам па гадзінах, маю пэўную ідэю для сваёй рэстарацыі. Можа, пакуль гэта мары, але я ведаю, што стаю на слушным шляху. Калі чалавек на адпаведным месцы, у яго ўсё атрымаецца.

Гутарыла Дар’я Румянцава, фота – Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Стужка навінаў