Што думаюць у Еўразвязе пра Беларусь і Украіну?


Ці Украіна мае шанцы на ўступленне ў Еўразвяз? Ці Еўропа ўжо не паставіла крыж на Беларусі? «Белсат» пагутарыў з палітолагам Цэнтру еўрапейскай палітыкі ў Бруселі Амэндай Пол.

Пра Еўразвяз можна знайсці інфармацыю, што «далейшае пашырэнне Еўрапейскага Звязу адкрытае для любой еўрапейскай дэмакратычнай краіны са свабодным рынкам, якая мае жаданне і магчымасці для прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з заканадаўствам ЕЗ». Ці адкрыты сёння ЕЗ для новых сябраў, асабліва на фоне вайны ва Украіне і падзеяў у Грэцыі?

Так, гэта праўда, што ў адпаведнасці з артыкулам 49 Дамовы ЕЗ любая краіна, якая адпавядае неабходным патрабаванням, можа падаваць заяўку на ўступленне, але, думаю, усім вядома, што цягам ужо даволі доўгага часу мы перажываем гэтак званую «стомленасць ад пашырэння». І таму цяпер у кіраўніцтва ЕЗ, я б сказала, няма «апетыту да новых чальцоў». Гэта пацвердзіў нядаўна прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жан-Клёд Юнкер, заявіўшы, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў пашырэння ЕЗ не будзе. І таму перспектываў уступлення ў Еўразвяз новых чальцоў на сёння не існуе. Выключэнне складаюць хіба толькі некаторыя краіны заходніх Балканаў. І, вядома, Турцыя, але некаторыя з цяперашніх краінаў-чальцоў ЕЗ перспектывы Турцыі актыўна блакуюць.

Ці мае шанец тая ж Украіна, калі вайна на Данбасе, спадзяемся, скончыцца, урэшце стаць паўнавартасным чальцом Еўразвязу? Бо цяпер гавораць, напрыклад, у тым ліку тут у Бруселі, што чальцом НАТО Украіне не стаць ніколі…

Па-першае, варта адзначыць, што, без усялякага сумневу, Украіна ёсць еўрапейскаю краінаю, яна месціцца ў сэрцы Еўропы і адпавядае некаторым крытэрыям для падачы заяўкі для ўступлення ў Звяз. Але, на жаль, не самае важнае, прыме ці не прыме ЕЗ заяўку Украіны, самае важнае – ці здольная самая Украіна падрыхтавацца, каб атрымаць статус кандыдата для ўступлення ў Еўразвяз. За апошнія два дзесяцігоддзі гэтага не адбылося. Цяпер ва Украіне новае кіраўніцтва ды новы ўрад, якія накіраваныя на актыўнае правядзенне палітычных і эканамічных рэформаў, якія ёсць жыццёва важнаю ўмоваю для развіцця краіны. Калі Украіна будзе здольная трансфармавацца ў краіну з моцнаю дэмакратычнаю ўладай, у якой паважаюць прынцып вяршэнства закону, свабоду слова ды грамадзянскія свабоды і падасць заяўку на ўступленне ў ЕЗ, я думаю, Еўразвяз мусіць даць Украіне перспектыву на такое ўступленне. Безумоўна, гэта не азначае, што ўсё гэта адбудзецца заўтра. Але гадоў праз дзесяць – чаму б не?

Наколькі моцна ўплывае, з Вашай перспектывы, на агульнаеўрапейскую бяспеку цяперашняя вайна на Данбасе? Напрыклад, Ваш калега, аналітык з Украіны, у размове са мною сказала, што, «абараняючы Украіну, Еўразвяз абараняе сабе і свае каштоўнасці». Ці Вы згодныя з такім меркаваннем?

Вайна Расеі супраць Украіны – гэта вялізарная пагроза бяспецы ўсяго Еўрапейскага Звязу. Вайна на Данбасе датычыць не толькі самой Украіны, небяспека ад гэтае вайны распаўсюджваецца значна далей. Расея, яе кіраўніцтва груба парушаюць міжнароднае права і прынцыпы міжнароднай бяспекі. І, як Вы слушна адзначылі, гэтая вайна не толькі пагроза міжнароднай бяспецы, але і тым каштоўнасцям, якія абараняе Еўрапейскі Звяз. І на якія напляваць Крамлю. Украіна пачала рухацца ў бок дэмакратычных каштоўнасцяў пасля таго, як былы прэзідэнт Януковіч фактычна заблакаваў Дамову аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам, і ўкраінцы выйшлі на вуліцы з пратэстам супраць карумпаванага рэжыму, супраць крыміналізацыі ўлады і іншых парушэнняў. Людзі выказаліся за павагу да еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў і прынцыпаў вяршэнства закону. І гэта ўсё, як мы ведаем, не спадабалася Расеі, якая не хоча мець у якасці суседа на сваёй мяжы дэмакратычную краіну. Бо дэмакратыя на сваіх межах расейскае кіраўніцтва разглядае як пагрозу для сябе, для сваёй улады, у аснове якой – намаганні татальнага кантролю над сваім насельніцтвам.

Палітыка ЕЗ у дачыненні Беларусі. Ці змянілася яна апошнім часам? Лукашэнка сёння – ледзь не галоўны міратворца… Ці не паставілі на нас крыж тут, у Бруселі?

Еўразвяз цягам даволі доўгага часу фармаваў сваю ўстойлівую палітыку ў бок Беларусі. А гэта, з аднаго боку, актыўнае ўцягванне Беларусі ва ўдзел у праграме «Усходняе партнёрства», а з іншага – накладанне санкцыяў на прэзідэнта Лукашэнку і ягоных чыноўнікаў. Так, яму ўдалося згуляць даволі важную ролю ў міратворчым працэсе ў канфлікце паміж Расеяй і Украінаю, бо менавіта ў Менску прайшлі важныя перамовы на гэты конт. Перамовы ў пэўным сэнсе падрыхтавалі яму глебу, трыбуну для абароны самога сябе і свайго рэжыму ад еўрапейскіх санкцыяў. І, акрамя гэтага, расейска-ўкраінскі канфлікт і расейскае эмбарга далі прэзідэнту Лукашэнку магчымасць пабыць добрым гандляром, з поспехам прадаваць у большых аб’ёмах і больш паспяхова беларускую садавіну ды гародніну, разам з грузінскаю і малдаўскаю ў Расею. І ўсё ж, нягледзячы на ўсё гэта, я не бачу значных зменаў у палітыцы ЕЗ адносна Беларусі. Ніхто не збіраецца адмяняць раней накладзеныя санкцыі альбо пашыраць палітычны і эканамічны дыялог з краінаю. Што я асабіста, напрыклад, лічу памылкаю. Я мяркую, Еўразвязу варта пашыраць стасункі з Беларуссю, бо гэта краіна, якая ляжыць паміж ЕЗ і Расеяй. І тое, што адбываецца цяпер ва Украіне, згодна з маймі перакананнямі, моцна напужала Лукашэнку. А прэзідэнта Лукашэнку, насамрэч, даволі цяжка напужаць. Бо ён круты хлопец! Але ў існай сітуацыі мы ўбачылі ад яго пэўныя сігналы пра тое, што ён зноў зацікаўлены ў больш шчыльных кантактах з ЕЗ, і мы мусім заахвочваць гэтую ягоную зацікаўленасць.

А як будуць фармавацца стасункі ЕЗ з краінамі Каўказу – Арменіяй, Грузіяй, Азербайджанам? Цяпер яны – удзельнікі праграмы «Усходняе партнёрства». Ці не ёсць віртуальным гэтае партнёрства, бо краіны гэтыя занадта далёка?

У ЕЗ з гэтымі краінамі розныя стасункі ды розны ўзровень супрацы, і цяпер мае меншы ўплыў у тым рэгіёне, у параўнанні з сітуацыяй, скажам, некалькі гадоў таму. Цяпер толькі Грузія мэтанакіраваная на еўраатлантычную інтэграцыю, бо Арменія пастанавіла далучыцца да Еўраазіяцкага саюзу, які паменшыў уплыў Еўразвязу на Арменію. І, вядома, Азербайджан таксама не зацікаўлены ў далучэнні да ЕЗ, вонкавая палітыка Азербайджану будуецца цяпер як шматвектарная. Ён хоча добрыя стасункі і з Расеяй, і з Еўразвязам, і з НАТО. Яны спрабуюць знайсці нейкі баланс. Але, адзначу, Азербайджан у больш складанай сітуацыі, бо Еўразвяз адмаўляецца прызнаваць яго тэрытарыяльную цэласнасць. Усё гэта стварае пэўныя цяжкасці. Так, згодная з Вамі, усе гэтыя краіны даволі далёка адсюль, але гэта вельмі важны геапалітычны рэгіён. І таму вельмі важна фармаваць моцныя здаровыя стасункі з Грузіяй, праціскаць дамову аб асацыяцыі з гэтаю краінаю. А таксама працягваць уцягваць Азербайджан і Арменію ў актыўную супрацу, бо той жа Азербайджан можа стаць фактарам энергетычнае бяспекі для Еўропы, бо азербайджанскі газ і нафта могуць стаць для Еўропы альтэрнатываю расейскім. Яны могуць стаць эканамічным звязкам паміж намі.

АС, belsat.eu

Стужка навінаў