Што будзе з «зайчыкам» далей? Наколькі ўсё дрэнна?

video

https://youtu.be/BZAyFnr06YI

Чэмпіёны СНД у дэвальвацыі. Паводле падліку нашага тэлеканалу, з пачатку года беларускі рубель абясцэніўся да долара больш, чым усе астатнія валюты постсавецкай прасторы.

На сённяшняй гандлёвай сесіі валютна-фондавай біржы долар здаражэў на Br 183. За студзень зайчык саслаб да амерыканскай валюты на 13 %.

У жыхароў Менску даволі песімістычныя прагнозы на далейшы лёс беларускай грашовай адзінкі.

«Набралі крэдытаў, аддаваць няма чым, адпаведна, абясцэньваецца беларускі рубель. А браць грошы няма адкуль, бяруць з нас», – кажа мінак.

«Я думаю, што будзе яшчэ горш», – прагназуе жанчына.
«Напэўна золатавалютны запас у нас нейкі праблемны», – мяркуе жыхарка сталіцы.
«Галоўнае, каб не было вайны», – упэўнены мянчук.

На другім месцы ў антырэйтынгу найслабейшых валютаў СНД, з невялікім адставаннем ад беларускага рубля, ідзе таджыкскі самані. Казахстанскі тэнге дэвальваваўся ўдвая менш чым зайчык – на 7,5 %. Украінская грыўня патаннела на адсотак менш. Адмыслоўцы тлумачаць – часткова дэвальвацыя стала вынікам замежных чыннікаў.

«Беларусь сядзіць на маржы, якая залежыць ад кошту нафты. Паколькі кошт нафты рэзка ўпаў, адпаведна ўпала і маржа…. і пакупніцкая здольнасць расейскага рынку таксама заўважна пагоршылася», – даводзіць эканамічны аглядальнік Уладзімір Арцюгін.

За снежань золатавалютавыя рэзервы нашай краіны зменшыліся на 400 мільёнаў долараў – да найніжэйшага ўзроўню з 2011 года. Паводле аглядальніка Уладзіміра Арцюгіна, асцярогі, выкліканыя такім нізкім узроўнем, правакуюць валютную паніку сярод фізічных і юрыдычных асобаў. Між тым сёлета нашая краіна мусіць вярнуць больш за тры мільярды долараў замежным крэдыторам. Калі гэтую суму не ўдасца рэфінансаваць, далейшае падзенне рубля можа стацца непрадказальным.

«Усё будзе залежаць ад таго, ці дадуць нам крэдыт і калі, а таксама ад коштаў на нафту, то бок, валютных паступленняў ад працы беларускай прамысловасці», – мяркуе Уладзімір Арцюгін.

Але нават спрыяльнае супадзенне гэтых чыннікаў, паводле Уладзіміра Арцюгіна, дасць толькі часовы перадых. Асноўная ж прычына дэвальвацыі – неэфектыўнае кіраванне эканомікаю, праз якую Беларусь некалькі гадоў запар страчвае долю нават на расейскім рынку – працягне свой ціск на гандлёвае сальда, а, значыць, і на беларускі рубель.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары