Што будзе з медыямі і журналістамі пасля прыняцця новага Закону аб СМІ?


Сёння, 19 красавіка, Палата прадстаўнікоў зацвердзіла ў першым чытанні змены ў Закон аб СМІ. Са ста дэпутатаў супраць прагаласавалі толькі два. Абноўлены закон прадугледжвае абавязковую ідэнтыфікацыю каментатараў у інтэрнэце, а супрацоўнікі «сеткавых выданняў» (гэтак аўтары законапраекту называюць інтэрнет-рэсурсы), якія не прайшлі рэгістрацыю, пазбаўляюцца статусу журналіста.

Belsat.eu разам з экспертамі па пунктах разбірае новаўвядзенне і яго магчымыя наступствы для беларускай журналістыкі.

Што гэта і хто гэта прыдумаў?

У 2017 годзе Аляксандр Карлюкевіч замяніў Лідзію Ананіч на пасадзе міністра інфармацыі. Мінулай восенню стала вядома, што ўлады рыхтуюць папраўкі ў заканадаўства, якое рэгулюе працу СМІ. Змены падаваліся пад выглядам прагрэсіўных, а сам Карлюкевіч заявіў, што яны «запатрабаваныя беларускім грамадствам». Чыноўніка актыўна падтрымалі кіраўнікі дзяржаўных медыяў.

Мінінфарм прапанаваў увесці абавязковую ідэнтыфікацыю карыстальнікаў у каментарах і на форумах (не толькі ў сеткавых выданнях).

Цяпер ведамства атрымае права запытваць ва ўладальніка СМІ звесткі пра каментатараў. Паводле словаў Карлюкевіча, ідэнтыфікаваць іх будуць «праз эсэмэс з кодам».

Інтэрнет–рэсурсам прапаноўваюць прайсці рэгістрацыю ў якасці СМІ. Тыя ж, хто адмовіцца, не будуць мець статусу СМІ, а карэспандэнтам такіх выданняў не будуць даваць акрэдытацыі. Гэта значыць, журналісты не змогуць у поўнай меры асвятляць вулічныя акцыі і іншыя публічныя мерапрыемствы, не здолеюць абараніць свае крыніцы інфармацыі. Аднак усе абавязкі і адказнасць, прадугледжаныя Законамі аб СМІ, на іх будуць распаўсюджвацца. Напрыклад, рэсурс змогуць заблакаваць у пазасудовым парадку.

Блакаванне таксама зможа наступіць пры недастатковай мадэрацыі каментароў на сайтах. Пры гэтым крытэры мадэрацыі – цьмяныя і выразна не акрэсленыя. Да таго, абноўлены Закон дапускае магчымасць блакіроўкі сацыяльных сетак.

Пазіцыя БАЖ

«БАЖ даўно выступае за адмену рэгістрацыі СМІ – як друкаваных, так і сеткавых, – кажа кіраўнік прэс-службы Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, – Гэта супадае з пазіцыяй АБСЕ, выказанай яшчэ ў 2013 годзе. Мы лічым, што ўсе журналісты павінны мець права на доступ да інфармацыі і захоўваць свой статус нават, калі яны не з’яўляюцца штатнымі карэспандэнтамі. У большасці еўрапейскіх краін прыналежнасць да прафесійнай суполкі пацвярджае прыналежнасць да прафесіі і забяспечвае ўсе адпаведныя правы і прывілеі. Абноўлены закон стане чарговай сегрэгацыяй беларускіх журналістаў – на зарэгістраваных і незарэгістраваных. І няма гарантыі, што тыя, хто пройдзе рэгістрацыю, будуць мець доступ у дзяржаўныя ведамствы».

Гарэцкі адзначае, што БАЖ накіраваў у парламент свае заўвагі да законапраекту, але ў выніку дэпутаты нават іх не разглядалі.

«Ёсць засцярогі, што другое чытанне адбудзецца ўжо вельмі хутка. Мы плануем звярнуцца да кожнага дэпутата асобна з тлумачэннем, чаму не трэба галасаваць за папраўкі. Відавочна, сітуацыя развіваецца імкліва, бо існуе замова ўлады», – адзначае ён.

«Белсат»: спадзявацца на лепшае, рыхтавацца да горшага

Што тычацца працы замежных СМІ, то іх уплыў у беларускай медыяпрасторы будуць скарачаць. Калі доля замежнага капіталу ў фондзе юрыдычнай асобы складае 20% і больш, такая арганізацыя не зможа быць заснавальнікам СМІ ў Беларусі. Таксама Закон забароніць распаўсюджваць прадукцыю замежных СМІ без адпаведнага дазволу.

На сённяшні дзень «Белсат» – адзінае замежнае СМІ, журналісты якога працуюць у Беларусі «нелегальна». Падчас пратэстаў увесну 2017 года нашых калегаў пазбавілі акрэдытацый. І хаця сапраўдную прычыну ўлады не агучваюць, мы разумеем, што такі ціск звязаны з пазіцыяй «Белсату», поўнай адсутнасцю цэнзуры на тэлеканале і сайце.

Прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі Аляксей Мінчонак канстатуе, што з абноўленым законам для тэлеканалу фактычна нічога не зменіцца:

«Як раней мы былі незарэгістраваныя, так і застаемся. Апошнім разам мы падавалі ў МЗС просьбу акрэдытаваць шэсць журналістаў. Адмову нам перадалі праз дыпламатаў – пісьмовага дакументу з тлумачэннем прычыны няма апрыёры.

Паўстае пытанне: што рабіць нашым чытачам, калі Мінінфарм раптам заблакуе сайт, як гэта адбылося з «Хартыяй». Па-першае застаецца тэлебачанне праз спадарожнік. Па-другое, мы стварылі аплікацыю, у якой можна чытаць кантэнт belsat.eu. Ну і сёння ў аўдыторыі і рэдакцый ёсць шмат інструментаў, каб абыходзіць блакаванне. Спадзявацца трэба на лепшае, але рыхтавацца варта да горшага».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў