Што будзе з «Белсатам»? Онлайн-канферэнцыя з Аляксеем Мінчонкам


Афіцыйны прадстаўнік «Белсату» у Беларусі Аляксей Мінчонак адказаў на пытанні інтэрнаўтаў. Онлайн-канферэнцыю зладзіла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Пра хвалю салідарнасці

Калі б не было хвалі салідарнасці, мы б тут сядзелі з больш сумнымі тварамі. Але польскі ўрад заўважыў тую колькасць лістоў, якая была напісаная ў падтрыманне «Белсату». Таму я б хацеў шмат каму падзякаваць. Дзякуй Паўлу Севярынцу за зладжаную акцыю ля Адміністрацыі, БАЖу і ўсім тым, хто нас падтрымаў. Цяжка ўсіх узгадаць. Але я спадзяюся, больш не спатрэбіцца праводзіць такіх акцыяў.

Чытайце на Belsat.eu: За акцыю падтрымання «Белсату» Паўла Севярынца будуць судзіць

Ці знікнуць нейкія праграмы?

Ніхто не знікне, ніхто не  будзе звольнены. Але мы ўвесь час змяняемся. Калі камусьці нешта не падабаецца, гэта пытанні асабістага густу.

Якія пытанні задавалі зацікаўленыя на старонцы Беларускай асацыяцыі журналістаў

Мікалай Іванавіч пытае: 

Усім вядома, што пакуль «Белсат» у сістэме TVP, ён спажывае непамерна вялізныя грошы на прадукцыю. Такія ж паслугі ў прыватных арганізацыяў каштуюць у 3-4 разы меней, чым у TVP. Можа, варта выйсці з TVP? Ці гэта ўмова польскага боку, каб грошы на «Белсат» спажывала менавіта польская тэлевізія?

Мне невядома (смяецца). І гэта не так. Мы не спажываем вялікіх грошай. Большасць прадукцыі робіцца праз вонкавых прадзюсараў. Гэта тыя самыя прыватныя кампаніі.

Пытанне ад Аляксандры:

Як размяркоўваецца бюджэт «Белсата»? Калі такой справаздачы няма ў публічным доступе, распавядзіце, калі ласка, якія рэчы найбольш выдатковыя? Ці можна знайсці ім альтэрнатыву (не TVP, а прыватны канал, не спадарожнік, а інтэрнэт)? Дзякуй.

Большасць грошай ідзе на аплату працаўнікам. 80 % – гэта аплата сцэнаграфістам, грымёрам, журналістам. Тэлебачанне – гэта вельмі шмат людзей. І тыя, хто лічыць, што тэлебачанне могуць рабіць тры чалавекі, памыляюцца.

#белсатжыві

Кастусь пытае:

На маю думку, галоўнай мэтай каналу павінна зрабіцца легалізацыя ў Беларусі і дамова аб зʼяўленні каналу ў беларускім эфіры. Гэта дазволіць задзейнічаць унутраныя рэсурсы: рэклама, ахвяраванні і г.д. Але гэта ёсць пытаннем вялікага геапалітычнага гандлю. Тым не менш, гэты гандаль ужо пачаўся, бо канал можа наагул знікнуць, такі сігнал дае ўрад Польшчы.

Маё пытанне такое: ці ёсць нейкая праграма прапановаў і кампрамісаў, аргументаў, накіраваных да беларускіх уладаў, якая б магла распавесці і раскрыць важнасць «Белсату» як праеўрапейскіх беларускіх медыяў. Медыяў, якія зʼяўляюцца важным чыннікам супраць агрэсіўнай дэзынфармацыйнай вайны расейскіх СМІ, што нясуць вялізную небяспеку як самой Беларусі і яе суверэнітэту, таксама і для інстытутаў Беларусі.

Наш карпункт не акрэдытавалі. Мы рабілі некалькі спробаў акрэдытацыі. Мы не чакаем, што нас будуць любіць, мы чакаем, што нас будуць паважаць, што нашыя журналісты будуць працаваць на тых жа ўмовах, як і прадстаўнікі іншых незалежных медыяў.

Пытанне ад Арыны Цукановай:

Які сэнс укладвае тэлеканал «Белсат» у працяг вяшчання ў Рэспубліцы Беларусь? Ці будзе працягнутая накіраванасць тэлеканалу на паслядоўнае ўбіванне клінаў паміж РБ і РФ? Як прадстаўнік «Белсату» ацэньвае матэрыялы тэлеканалу, якія тычацца «плана Крамля па замене Лукашэнкі», пра што пастаянна вяшчаюць спікеры «Белсату», не даючы ніводнага доказу? На каго разлічаны гэткі нізкапробны прадукт? Для чаго «Белсат» распальвае нацыянальную варожасць? Для чаго «Белсат» рэкламуе «Тактычную групу Беларусь», якая вядзе вайну на Данбасе? Для чаго ў перадачах «Белсату» прадзімае тэма падрыхтоўкі беларусаў да вайны?

Хацелася б атрымаць адказы.

Сэнс – інфармаваць людзей пра тое, што адбываецца. У іншых медыях таксама была інфармацыя пра «план Крамля па замене Лукашэнкі». І мы інфармуем, як і іншыя медыі.

глядач пытае:

Добры дзень! Можа нават, калі канал захаваецца, час крыху пераглядзець праграмную палітыку і адмовіцца ад такіх нецікавых перадачаў, як «Форум», напрыклад, дзе няма ніколі ніякай інтрыгі і абсалютна пустыя размовы сярод сваіх. Што думаеце?

Мы запусцілі «Belsat Music Live».

Вельмі хутка будзе новы цікавы праект. Гэта будзе ток-шоу, так што чакайце.

Пытанне ад Паўла

Добры дзень. Назавіце ТОП-5 ці ТОП-10 дасягненняў «Белсату» за 9 год існавання? Як лічыце, патрачаныя грошы адпавядаюць дасягненням?

  1. Беларусы маюць сваё тэлебачанне
  2. Школа тэлевізійнай журналістыкі
  3. Прарыў інфармацыйнай блакады
  4. Інфармаванне пра пагрозы «русского мира»
  5. Праект «Народны альбом».

«Народны альбом. 20 год» з Лявонам Вольскім

Сяргей спытаў: 

Скажыце, чаму нават цікавыя матэрыялы «Белсату» не разыходзяцца па беларускай інфармацыйнай прасторы так, як напрыклад, «Еўрарадыё» ці «Нашай Нівы». Можа, мае сэнс узмацніць сістэму «дыстрыбуцыі» – загадзя дамовіцца з рэдакцыямі пра перадрукі, напрыклад. Так многія, напрыклад, з tut.by працуюць.

Не з’яўляецца адзіным паказнікам той факт, што навіну перадрукаваў іншы сайт. Я выступаю за тое, каб медыі не перапошчвалі адзін аднаго. Гэта запавольвае іхнае развіццё. Я за разнастайнасць. Разнастайнасць – тое, што робіць нашае жыццё цікавым.

Пытанне ад Андруся Г.

Ці прыйдзе ўсё ж руская мова на «Белсат»?

Перадачы часткова могуць перайсці на расейскую мову.

Пытае Вольга: 

Добры дзень. Як вы ацэньваеце Валярыну Куставу як вядоўцу? Ці не падаецца Вам, што Валярына не ўмее нармальна падтрымліваць размову ў той перадачы, дзе гэта асабліва патрабуецца? Дзякуй.

Мне так не падаецца. Я ніколі не раблю публічных ацэнак адносна журналістаў іншых медыяў. Таму не буду рабіць ацэнку калегаў са свайго.

Валярына Кустава, вядоўца праграмы «Прыват»

Алёна Мікалаеўна мае пытанне да Аляксея

Ці белсатаўцы думаюць пра тое, каб прыватызаваць канал і самім весці гаспадарчую дзейнасць без TVP? Бо калі не і ў гэтым годзе, дык у наступным ці праз год TVP, верагодна, усё ж прыме рашэнне аб ліквідацыі канала, не?

У гэтым няма сэнсу. Мы працуем дзякуючы таму, што знаходзімся ў сістэме TVP. Калі мы выйдзем з TVP, многа згубім.

Пытанне ад Аляксандры

Як «Белсат» страхуе сваіх журналістаў, якія едуць у «гарачыя кропкі» і іншыя небяспечныя месцы? Напрыклад, якое страхавое забеспячэнне мелі тыя, хто працаваў у Кіеве?

ды Фіфы:

Калі ў журналістаў «Белсату» зʼявяцца сацыяльныя гарантыі?

Калі чалавек ідзе працаваць на такі тэлеканал, напэўна, яму не варта разлічваць на картку ў фітнэс-клуб ці бясплатныя абеды. Канечне, мы падтрымліваем сваіх журналістаў, якія трапілі ў складаныя абставіны. Мы абараняем сваіх людзей.

Менск пытае

Прывітаннечка! А колькі на «Белсаце» белсатаўскіх пар? 🙂

Шмат, як у любым вялікім калектыве. У нас нават ёсць такі панятак, як «дзеці Белсату».

Відэазапіс сустрэчы з прадстаўніком тэлеканалу ў Беларусі будзе даступны на старонцы Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Стужка навінаў