Што будзе з беларускай эканомікай пасля выбараў?


Што сталася з беларускім эканамічным цудам цягам апошніх 5-ці гадоў? У якім становішчы знаходзіцца сёння беларуская эканоміка і чаго чакаць беларусам пасля гэтай палітычнай кампаніі?

Другая частка перадвыбарчых дэбатаў на тэлеканале «Белсат» прысвечаная эканоміцы. У першай частцы эксперты абмеркавалі ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі.

Разбірацца ў складанай эканамічнай сітуацыі Беларусі дапамагаюць адмыслоўцы: эканаміст Аляксандр Сінкевіч, рэдактар сайту belrynok.by Ірына Крыловіч, незалежны эксперт Аляксандр Сасноў ды эксперт «Ліберальнага клубу» Антон Болтачка.

«На маё меркаванне, беларускага эканамічнага цуду і не было, – заўважыў спадар Аляксандр Сасноў. – Гэта толькі разважанні беларускіх эканамістаў, асабліва блізкіх да ўладаў. На самай справе эканоміка краіны стагнавала літаральна апошнія 20 гадоў. Развіцця практычна няма. Улады не разумелі або разумелі, але не хацелі ўсведамляць, што эканомікі такога тыпу без якіх-небудзь вонкавых датацыяў развівацца ў прынцыпе не могуць. Эканоміка Беларусі не магла паспяваць нават за эканомікамі некаторых суседніх краінаў».

Беларусь не спынілі падкормліваць, але магчымасці ўсходняга суседа ў гэтым пытанні істотна зменшыліся. На думку ж спадара Саснова, улады і так даволі добра вырашылі свае праблемы з моманту апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Адмысловец заўважыў, што сярэдні заробак перад снежнем 2010 года складаў прыкладна $ 460, які застаўся прыкладна ж такім і цяпер, хоць і знізілася на 6-10 % пакупніцкая здольнасць. Найбольш пацярпела пенсія, якая згубіла каля 20 % пакупніцкай здольнасці.

Эксперт «Ліберальнага клубу» Антон Болтачка падкрэсліў, што ў дыскусіях пра рэформы змены ў эканоміцы часам забываецца, што ўа апошнія 20 гадоў у Беларусі з’явіўся бізнес, назапасіўся капітал:

«Што казаць, у беларусаў, фізічных асобаў, на рахунках у банках ляжыць $ 8 млрд. Сёння называлася сума золатавалютных рэзерваў -$ 4 млрд. Па сутнасці капітал ужо накоплены іншымі людзьмі».

Спадарыня Ірына Крыловіч выказалася, што гэта паказальнік таго, што гэтыя грошы не ідуць у бізнес.

«Значыць, людзі не могуць на самой справе пусціць гэтыя грошы, каб адкрыць сваё прадпрыемства. Яны і баяцца, і не ўмеюць гэтага рабіць, яны не бачаць, дзе яны тут заробяць. Тое, што ў нас столькі грошай на руках, – гэта паказнік, што ў нас адсутнічае насамрэч асяроддзе для бізнесу», – заўважыла спецыялістка.

Пасля выбараў сітуацыя для звычайных грамадзянаў будзе пагаршацца, заўважыў эканаміст Аляксандр Сінкевіч. Гэтакі стан захаваецца цягам некалькіх гадоў, бо будзе адбывацца балючае перафарматаванне эканомікі, якое ўжо пачалося.

«З іншага боку ў мяне ёсць стрыманы аптымізм наконт таго, што запускаюцца новыя галіны эканомікі: і АЭС, і Парк высокіх тэхналогій і Кітайскі індустрыяльны парк, куды могуць перайсці гэтыя кадры. Галоўнае падчас пераходу да запуску гэтых буйных праектаў не згубіць здабыткі беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, не проста эканамічнай, а сацыяльна-эканамічнай», – падкрэсліў адмысловец.

Калі Беларусь не атрымае да канца года ніякіх крэдытаў, то ўжо ў снежні будзе магчымы фінансавы крызіс, мяркуе спадарыня Ірына Крыловіч. У цэлым жа ніякіх грунтоўных рэформаў спецыялістка не прагназуе:

«Я б нічога добрага не чакала. Я думаю, стагнацыя працягнецца яшчэ на гады тры-чатыры як мінімум, калі не будзе проста рэзкага абвалу ў сувязі з недахопам грошай».

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў