Што будзе са Skype, Viber ды Whats App у Беларусі?


Пастанову Лукашэнкі «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі» ды яе наступствы Яўген Балінскі абмяркоўвае з экспертам «Беларускага пірацкага цэнтру» Міхаілам Волчакам.

Што будзе са Skype ды мабільным мэсэнджэрамі тыпу Viber?

«Cкайпы», «гуглгэнгаўты», «вайбэры» – гэта не праблема, а наступствы. Цяпер адбываецца парушэнне важных лічбавых правоў і прынцыпаў арганізацыі глабальнага сеціва. Пра іх трэба казаць. Перш за ўсё, гэта сеткавы нейтралітэт: трафік ранжыруецца. Нейкі трафік мае большы прыярытэт або цікавасць, нейкі – меншы. Гэта ў тым ліку значыць, ідзе ўздзеянне на хуткасць і кошт трафіку. Апошняя ініцыятыва Аператыўна-аналітычнага цэнтру пагаршае права прыватнасці, бо новае рэгуляванне замацоўвае прынцып масавага збору звестак карыстальнікаў.

Другі парушаны прынцып сеціва – даступнасць і свабода перамяшчэння трафіку. Сетка падзяляецца і абрастае яшчэ большымі межамі. Гэта як з прапіскай: калі ў вас яе няма – у вас няма шмат якіх правоў. Таму парушаецца і права на камунікацыю і свабоду перамяшчэння сеткавых грамадзянаў. Іншымі словамі працягваецца пабудова сеткавых мытняў. Таму тут спажыўцы могуць абурацца як на магчымыя праблемы са Skype, гэтак і на абмежаванні атрымання пасылак з-за мяжы.

Важна зазначыць, што ўзмоцненае рэгуляванне сеціва абмяжоўвае доступ магчымых ініцыятываў супольнасцяў для развіцця сэрвісаў галасавога трафіку праз сваю інфраструктуру і пакідае гэтае права толькі за буйнымі правайдарамі, у якіх будзе магчымасць трымаць дарагое праграмнае забеспячэнне для кантролю. Тут можна сказаць аб працягу манапалізацыі рынку тэлекамунікацыяў.

«Няма інстытутаў, якія б забяспечвалі баланс дзяржаўнага кантролю сеціва»

То бок «скайпы» ды «вайберы» не знікнуць, але будуць працаваць горш з-за працы гэтых так званых сеткавых мытняў?

Магчыма нават не адчуецца, што яны будуць працаваць горш. Але прынцыпы дакладна стануць горш. Сам факт ранжыравання трафіку, памяншэння ананімнасці і прыватнасці абмену трафікам, сеткавыя мытні, масавы некантраляваны збор персанальных дадзеных карыстальнікаў у сукупнасці ствараюць перадумовы для татальнага адсочвання і абмежаванняў. Супраць усёй гэтай навале не хапае інструментаў і інстытутаў, якія б забяспечвалі баланс. Таму тут вельмі лёгка можа быць перакос.

Акрамя гісторыі сайтаў, якія мы наведваем, што сёння маюць магчымасць ведаць пра нас сілавікі ды ўлада, калі мы карыстаемся смартфонам ці інтэрнэтам на кампʼютары?

Гэта іншая тэма. Гэтак цягам 2015 і пачатку 2016 году выйшлі дзве пастановы, а таксама былі прынятыя арганізацыйна-тэхнічныя меры па змяншэнню права на прыватнасць і ўзмацненню кантролю сеціва. Наагул, адмыслоўцам гэтыя абмежаванні – адносныя, як і большасці. Тут перадусім закранаецца пытанне крыміналізацыі свабодаў – не на падставе сацыяльнага зла, але на падставе цэнзуры дзяржавы.

«Беларускія ўлады не прыдумваюць новага – яны глядзяць на іншыя краіны»

Што зменіцца з выхадам гэтага ўказу?

Гэты ўказ працягвае серыю пастановаў і ўказаў, якія з’яўляліся цягам 2015 года па пашырэнню правоў сілавога блоку, які сочыць за бяспекай.

Ці ёсць аналагі гэтаму ўказу ў свеце? Ці ёсць у ім нешта добрае? Усё ж такі ўказ мае назву «Аб удасканаленні».

Рэгуляванне галасавога трафіку адбываецца, шмат дзе – у Індыі, ЗША, Еўразвязе. Калі ўважліва паглядзець, беларускія ўлады не прыдумваюць нешта новае, яны глядзяць, як зроблена ў іншых краінах і спрабуюць прымяніць у нас. Але тое, як гэта ў іх атрымліваецца – расхлёбваць нам, сеткавым грамадзянам.

Варта разглядзець, на якой падставе прымаецца такое рэгуляванне. З аднаго боку, у краінах з развітым рынкам гэтае рэгуляванне тычыцца роўных умоваў гаспадарання і пратакольнай сумяшчальнасці (галасавога трафіку са звычайнымі тэлефоннымі сеткамі). З другога боку, у краінах з аўтарытарнай формай праўлення і пераходнай эканомікай рэгуляванне часта нацэленае на паглыбленне кантролю за насельніцтвам.

У нашай краіне, на мой погляд, сышліся два фактары. Першы фактар – гэта пашырэнне актыўнага кантролю, і, як вынік, – змяншэнне ананімнасці карыстальнікаў. Другі фактар – гэта эканамічны чыннік: цэнтральны правайдар, «Белтэлекам», не супраць атрымліваць больш прыбытку ад гэтага тыпу трафіку (VoIP), таму ўсе абаненты павінныя быць аўтарызаванымі і персаніфікаванымі спажыўцамі.

Чаго яны хочуць дасягнуць гэтай пастановай?

Асноўная фішка – дынамічнае апрацоўванне дадзеных, якія паводле закону правайдары абавязаныя збіраць і зліваць у рэальным часе сілавікам паводле любога запыту. Межы такіх запытаў вельмі недакладна прапісаныя ў законе, таму тут могуць быць злоўжыванні.

Ці можа знішчэнне або абмежаванне ананімнасці такіх надзвычай папулярных рэчаў, як Skype і мэсэнджэры, разварушыць на штосьці маладых беларусаў, каб яны пачалі цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне?

Канешне, можа адбыцца знішчэнне і Skype, і іншых сродкаў. Беларусы і не такое перажылі. Але абмежаванне толькі ў адной краіне не настолькі важнае ў глабальным свеце. Касмапалітычныя моладзь можа лёгка пакінуць краіну ў пошуках месца, дзе больш свабодаў. А больш кансерватыўная частка грамадства, думаю, гатовая з большага падтрымаць такія захады рэгулявання.

Асноўны тэзіс дзяржавы ў прасоўванні такіх ініцыятыў – гэта святая карова «Бяспека». Дзеля яе знішчаюць правы і свабоды для творчасці – я маю на ўвазе сацыяльную творчасць грамадзянаў, і асновы магчымых рэформаў у краіне. Таму тут пытанне – як будзе разумецца «бяспека» моладдзю.

«Разварушыць» яе можа доўгае і карпатлівае выхаванне лічбавай пісьменнасці, якая базуецца на адкрытай, дынамічнай культуры. Спажывецкая незадаволенасць не мае моцнай і ўстойлівай базы. Культура падазронасці і страху, няўпэўненасці, якая культывуецца ў грамадстве апошнія дзесяцігоддзі, – гэта праблема. Таму перамены для моладзі могуць пачацца з лічбавай асветы, дыялогу пра культуру і будучыню, «бяспеку», якую моладзь хоча бачыць тут у Беларусі. Пасля сфармуюцца новыя каштоўнасці і новая краіна.

Зараз варта ўключацца ў глабальныя рухі, якія выступаюць за лічбавыя правы сеткавых грамадзянаў па ўсім свеце. Гэта дасць досвед працы з падобнымі праблемамі, бо пытанне лічбавых правоў і Сеціва – глабальнае.

Гутарыў Яўген Балінскі

Стужка навінаў