Што будзе, калі заўтра не стане Аляксандра Лукашэнкі?


Хаос, разруха, захаванне наменклатурнага рэжыму ці прыход да ўлады апазіцыі – што будзе, калі раптам заўтра кіраўніка ці чалавека Аляксандра Лукашэнкі не стане? З гэтым пытаннем Belsat.eu звярнуўся да экспертаў.

«Не выключана, што Расея ўжо паспела да гэтага падрыхтавацца»

– Хто і як можа скарыстацца сітуацыяй: Захад, апазіцыя, Расея?

– Захад нічога не будзе рабіць – гэта адназначна, – мяркуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. – У іх ёсць зацікаўленасці, але няма механізмаў уздзеяння на Беларусь. Еўропа не ўмешваецца ў справы «трэціх» краінаў наўпрост. Натуральна, адразу ж палягчэюць усе кантакты з апазіцыяй, але не больш за тое.[/vc_column_text][vc_single_image image=”158879″ img_size=”large”][vc_column_text]Уладзімір Мацкевіч[/vc_column_text][vc_column_text]Што будзе рабіць Расея? Напэўна, пачне шукаць новага Лукашэнку. Калі гэта (знікненне – заўв. рэд.) раптам здзейсніцца, то будуць складанасці. Калі Расея ўжо паспела да гэтага падрыхтавацца – што не выключана – Генштаб і спецслужбы Расеі ўвесь час распрацоўваюць і аднаўляюць планы адносна краінаў у зоне сваіх інтарэсаў. Не выключана, што там ёсць пэўны план.

– Хто паводле расейскіх планаў можа згуляць ролю новага Лукашэнкі? Сын?

– Думаю, цяпер такога проста няма. Сын – наўрад ці такая магчымасць будзе, няма такіх механізмаў, якія дазволілі б так зрабіць.

Знікненне Лукашэнкі з палітычнае арэны – відавочнае паслабленне рэжыму, але нават яно не дазволіць правесці першыя выбары паводле дэмакратычных нормаў. Хутчэй за ўсё, будзе сурёзная бойка паміж рознымі сіламі, і апазіцыя наўрад ці будзе мець шанец прасунуць свайго кандыдата – хутчэй за ўсё, гэта будзе нейкі наменклатурны кандыдат. Макей? Гэта не так істотна: магчыма, Макей альбо яшчэ нехта. Але калі гэты кандыдат пройдзе, паўстане праблема ўтрымання парадку пры неаўтарытэтным новым лідары. Будзе хаос і незадаволенасць у самой наменклатуры, распачнецца бойка, у якой дэмакратычная апазіцыя наўрад ці будзе гуляць нейкую істотную ролю. І тут ужо альбо ўдасца ўтрымаць парадак у краіне альбо не. Калі не – пачнецца рознага роду вулічная актыўнасць, і дамінаваць у ёй будзе зусім не дэмакратычная сіла, а левыя, прафсаюзы, прарасейскія арганізацыі.

Пасля знікнення Лукашэнкі з палітычнае арэны магчымыя два сцэнары. Альбо працяг дыктатуры з яе павольнай эвалюцыяй, альбо хаос і разруха. Пры сённяшняй гатовасці грамадства і палітычных сілаў да пераменаў не выпадае гаварыць пра тое, што мы адразу будзем у стане перайсці да дэмакратычнага развіцця краіны – хутчэй за ўсё, з гэтага нічога не выйдзе. Нейкі варыянт дыктатуры тайваньскай, паўднёвакарэйскай ці піначэтаўскай – гэта найбольш мяккі варыянт развіцця падзеяў.

– Ці ёсць нейкі варыянт, паводле якога апазіцыя будзе гуляць істотную ролю?

– Апазіцыя – вельмі абстрактнае слова, – працягвае Мацкевіч. – Натуральна, яна будзе, але што гэта будзе? Вядома, што гэта не будзе сённяшняя апазіцыя, прынамсі, у асобах і партыях адбудуцца вельмі істотныя перастаноўкі. Апазіцыйныя структуры будуць выкарыстоўваць нейкія магутныя фінансавыя прамысловыя колы, якія цяпер сядзяць, як мыш пад венікам, але ў выпадку паслаблення рэжыму яны пачнуць пераследаваць і рэалізаваць уласныя інтарэсы.

«Віктар Лукашэнка мае нулявы шанец заняць месца бацькі – дай Бог яму застацца жывым»

Адказваючы на тое самае пытанне – што будзе, калі Лукашэнкі раптам не стане – старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Аляксандр Ярашук адзначае, што раптоўнага знікнення Лукашэнкі не здарыцца.[/vc_column_text][vc_single_image image=”158931″ img_size=”large”][vc_column_text]Аляксандр Ярашук. Фота svaboda.org
[/vc_column_text][vc_column_text]- Лукашэнка – наш адвечны прэзідэнт, наш бог, а багі, як вядома, не паміраюць. Але калі раптам здарыцца, што ён усё ж такі не бог, а просты смяротны, і на яго таксама распаўсюджваюцца законы чалавечага быцця з іхнай канечнасцю зямнога шляху, то падзеі пасля сыходу Лукашэнкі, на маю думку, будуць развівацца наступным чынам.

Я не бачу ў ролі бенефіцыяра беларускую апазіцыю. Гэта супярэчыць палітычным законам і палітычнай практыцы наўпроставага пераходу ад жорсткай аўтарытарнай сістэмы ўлады да дэмакратыі, дэмакратычнага кіравання.

Значыць, ніякіх істотных бонусаў не атрымае ў выніку і Захад, хіба што дадатковы галаўны больш праз непрадказальнасць сітуацыі ў Беларусі і магчымага ўзнікнення хаосу. Той самы галаўны боль чакае і Расею, хаця яна адзіны субʼект, які ў гэтай гісторыі ў стане рэальна ўплываць на далейшае развіццё падзеяў і фармаванне новай улады. Няма сумневу, што яе носьбітамі будуць прадстаўнікі цяперашняй беларускай наменклатуры, і яна не будзе дэмакратычнай. Але і не будзе настолькі аўтарытарнай як цяперашняя, а ўдвая менш. Але ўжо пасля яе сыходу беларусы могуць разлічваць на дэмакратычны шлях развіцця…

– Чаму вы не ставіце на апазіцыю? Ці ёсць сэнс сёння яе падтрымліваць, калі яна ўсё роўна ні ў якіх раскладах не будзе ўдзельнічаць?

– На апазіцыю не стаўлю не таму, што яна слабая і нямоглая. Наадварот, я лічу беларускую апазіцыю прынамсі не слабаю. Прыйдзе час, і яе заслугі ацэняць належным чынам. Але ў беларускім грамадстве дагэтуль няма запыту на дэмакратычныя перамены. Таму апазіцыі і не ў стане па-сапраўднаму ўключыцца ў барацьбу за ўладу.

Калі раптам Лукашэнкі не стане – улада будзе змяняцца паводле наменклатурнага шляху з удзелам Расеі. Але гэта яшчэ не значыць, што апазіцыя мусіць заставацца статыстам. Больш за тое, і змякчэнне наступнага палітычнага рэжыму стане магчымым у тым ліку дзякуючы шматгадовай прысутнасці апазіцыі на палітычным полі. І прыход дэмакратыі ў краіну будзе магчымы ў значнай, а можа, і ў вырашальнай ступені, дзякуючы апазіцыі. Таксама як ад яе дзейнасці будзе шмат у чым залежаць, колькі будзе доўжыцца пераходны перыяд.

– Які шанец мае сын Лукашэнкі Віктар заняць месца бацькі ў выпадку ягонага раптоўнага знікнення?

– Віктар мае нулявы шанец заняць месца бацькі ў выпадку ягонага раптоўнага сыходу. Дай Бог яму ціха сысці ў цень і не высоўвацца, а то і наагул застацца жывым і здаровым. Трэба ўсведамляць, колькі людзей з бліжэйшага атачэння ненавідзяць Лукашэнку. Праз свае шматгадовыя знявагі яны будуць імкнуцца паквітацца са старэйшым сынам, які і сам шмат каму насаліў пад завязку.

– Паколькі наступны ўрад будзе ўдвая больш дэмакратычны, то праз 20-30 гадоў ён канчаткова дэмакратызуюцца, ці працэсы пойдуць хутчэй? Ці ўсё будзе залежыць ад сітуацыі ў самой Расеі?

– Я не думаю, што наступная недэмакратычная беларуская ўлада мае шанец доўга існаваць, і выключаю, што рахунак будуць весці на дзесяцігоддзі. На працягласць гэтага тэрміну будуць уплываць як унутраныя прычыны (адна з іх – актыўная і эфектыўная дзейнасць апазіцыі), так і вонкавыя. Вакол нас будуць адбывацца значныя перамены, і, з майго пункту гледжання, хутчэй тыя, што маюць станоўчы ўплыў на Беларусь, чым наадварот.

Для мяне несумненна, што не можа доўга і тым больш назаўжды заставацца нязменнаю сітуацыя ў Расеі. Перамены там, лічу, непазбежныя, і ў лепшы для нас бок.

Наагул не ўсё так бязвыхадна для Беларусі, праз нейкі дзясятак гадоў мы будзем дэмакратычнай краінаю. Вядома, калі сыдзе Лукашэнка. І я не хачу ягонага фізічнага сыходу, хай бы дажыў ды паглядзеў, якія ашаламляльныя перамены адбыліся з Беларуссю пасля яго…

«Каго паставіць Расея? Пра гэта трэба пытацца ў ФСБ»

[/vc_column_text][vc_single_image image=”158905″ img_size=”large”][vc_column_text]Уладзімір Падгол[/vc_column_text][vc_column_text]Трэці эксперт, палітолаг Уладзімір Падгол, не быў шматслоўны ў каментары на гэтую тэму. Аднак як і Мацкевіч з Ярашуком Падгол адзначыў значную ролю Расеі і нязначную – беларускай апазіцыі – у магчымых падзеях пасля гіпатэтычнага знікнення Лукашэнкі:

– Расея паставіць свайго кандыдата ў прэзідэнты і даможацца, каб ён перамог. Каго паставяць? Пра гэта ў ФСБ трэба запытацца. Апазіцыя будзе мець свайго кандыдата, але гэта бессэнсоўна, бо тут кіруе «русский мир».

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў