Што адбываецца з коштамі ў Беларусі?


Па шчупаковай волі – як у казцы. 20 траўня міністр гандлю Уладзімір Калтовіч выказаў абурэнне тым, што кошты разганяюцца вышэй за зададзены ўрадам месячны ліміт – 0,6 %. Па выніках месяца інфляцыя паслухмяна запаволілася да 0,5 %.

За год, паводле Белстату, кошты на харчовыя і нехарчовыя тавары выраслі больш як на 10 %. Паслугі падаражэлі больш як на 20 %.

На думку прафесара Леаніда Злотнікава, у траўні кошты ў крамах запаволілі адміністрацыйнымі захадамі, прымусіўшы калгасы працаваць глыбока ў мінус і абмежаваўшы нацэнкі ў крамах. Але, тлумачыць ён, гэта можа даць толькі часовы эфект. Бо гэтак званая адкладзеная інфляцыя ўсё адно праявіцца – калі вытворцы ды імпарцёры зменшаць пастаўкі тавараў на рынак ды іх сабекошт, адпаведна, падымецца.

«Калгасы потым прыйдзецца ратаваць надрукаванымі грашыма, а гэта разгоніць інфляцыю», – мяркуе Леанід Злотнікаў.

Паводле Еўразійскага банку развіцця, дагэтуль інфляцыя ў Беларусі істотна адставала ад дэвальвацыі, перадусім дзякуючы таму, што таннеў імпарт. Паводле сельскагаспадарчага ведамства ААН, з 2014 года ежа ў свеце патаннела на чвэрць. Але пачынаючы з лютага тэндэнцыя развярнулася, і харчы ў свеце, наадварот, пачалі стабільна даражэць – упершыню за чатыры гады.

Паводле прафесара Злотнікава, гэта, а таксама аслабленне ўладамі крэдытнай палітыкі, прывядзе да таго, што цягам бліжэйшых месяцаў зніжэнне пакупніцкай здольнасці беларусаў паскорыцца адным з двух шляхоў: за кошт разгону адкладзенай інфляцыі ці за кошт змяншэння заробкаў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – bashny.net

Стужка навінаў