Міністр абароны Літвы: «Адкрыццё штабу НАТО – гэта яшчэ адзін прыклад нашай салідарнасці»


Сёння на тэрыторыі нашай суседкі – Літвы – усяго за трыццаць кіламетраў ад беларускай мяжы, распачаў працу адзін з шасці новых штабоў НАТО.

Яшчэ пяць прадстаўніцтваў альянсу адкрываюцца ў пяці іншых краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы – Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Румыніі і Балгарыі.

ЮОЗАС ОЛЯКАС, МІНІСТР АБАРОНЫ ЛІТВЫ:

«Адкрыццё штабу НАТО – гэта яшчэ адзін прыклад нашай салідарнасці. Але Літва не толькі здабывае бяспеку. Яна сама бярэ ўдзел у разнастайных аперацыях НАТО, накіроўваючы сваіх вайскоўцаў, якіх высока ацэньваюць у іншых дзяржавах».

У кожным з шасці штабоў будзе працаваць каля сарака афіцэраў. Штаб у Вільні ачоліць палкоўнік узброеных сілаў Даніі Якаб Сёгар Лярсэн. У ім будуць працаваць прадстаўнікі больш як дзесяці краін альянсу, у тым ліку з Польшчы, Канады і Нямеччыны. Плануецца, што штаб будзе ўкамплектаваны да канца гэтага года.

АРТУРАС ПАЎЛАЎСКАС, СТАРШЫНЯ КАМІТЭТУ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ АБАРОНЫ СЕЙМУ ЛІТВЫ:

«Яны будуць займацца планаваннем, зборам інфармацыі, аналізам гэтай інфармацыі. Але хачу сказаць, што НАТО, хоць сёння ў Літве і прысутнічае ў большай колькасці, чым раней, нікому не пагражае».

Пасля таго, як Расея анексавала ўкраінскі Крым і развязала крывавы канфлікт на Данбасе, сілы Паўночнаатлантычнага альянсу актывізавалі вучэнні каля Балтыйскага мора, а ЗША развярнулі дыслакацыю цяжкой зброі ў гэтым рэгіёне.

ДАЛЯ ГРЫБАЎСКАЙЦЕ, ПРЭЗІДЭНТ ЛІТВЫ:

«Агрэсія Расеі ва Украіне – гэта пагроза бяспекі Еўрапейскага кантыненту. Вось чаму агрэсары ня могуць быць партнёрамі. Вось чаму мы пастанавілі ўмацаваць сваю бяспеку».

Сёлетняе адкрыццё шасці штабоў ва Усходняй Еўропе ўжо называюць самым значным узмацненнем калектыўнай абароны НАТО з канца халоднай вайны.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў