«Шпіёнскі мост» паміж Польшчаю і Беларуссю. Кулісы таемнай аперацыі


Менск і Варшава абмяняліся шпіёнамі, паведамляе польскі партал tvn24.pl.

Калі ў леташнім лістападзе ў польскіх кінатэатрах пачалі паказ стужкі «Мост шпіёнаў», у якім распавядаецца гісторыя пра абмен савецкага шпіёна на амерыканскага жаўнера, тады толькі вузкае кола з самых уплывовых польскіх палітыкаў ведала, што гэткі абмен можа адбыцца паміж Польшчай і Беларуссю. Рэпарцёры tvn24.pl пралілі святло на некаторыя абставіны гэтай драмы.

Усё пачалося ў траўні мінулага года, калі прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў пераступілі парог берасцейскага гатэлю, дзе ночыў польскі капітан з беластоцкага 18-га Выведчага палка. Праз два дні грамадзянін Польшчы пачуў судовы вырак – 7 гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж. Першымі пра прысуд даведаліся родныя капітана. Ягонае кіраўніцтва запэўнівае, што вайсковец не займаўся шпіянажам.

Справай вызвалення польскага жаўнера займаліся спецслужбы і польскае Міністэрства абароны.

«На яго нічога не мелі, а затрымалі, бо ў нас ёсць некалькі беларускіх шпіёнаў», – сцвярджае ананімная крыніцаtvn24.pl.

Гэтую версію ўскосна пацвярджае той факт, што беларускі бок праз неафіцыйныя каналы прапанаваў абмяняць беластоцкага капітана на Сяргея Х., якога затрымалі на пачатку 2015 года. Тады польскі суд прысудзіў яму 3 гады пазбаўлення волі за супрацу з замежнай выведкай. Паводле некаторых звестак, беларускі шпіён меў цесныя сямейныя сувязі з расейскім генералам.

Пасля працяглых двухбаковых перамоваў Аляксандр Лукашэнка памілаваў польскага капітана. Жаўнера даставілі на беларуска-польскую мяжу. З сярэдзіны лютага ён перабывае на тэрыторыі Польшчы. Польскім журналістам не ўдалося высветліць, на каго абмянялі «польскага шпіёна» – прадстаўнікі польскіх спецслужбаў спасылаюцца на дзяржаўную таямніцу.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары