Шпацыр без прычыны. Новая катэгорыя беларускага заканадаўства


Выхад грамадзянаў на вуліцу без мэты можа выклікаць падазрэнні ў міліцыянтаў.

25 сакавіка актывіст АГП з Ваўкавыску Віталь Гуляк сабраўся ў Менск. А 4-ай раніцы яго затрымалі на вакзале.

«Я нават да вакзалу дайшоў – быў упэўнены, што мяне затрымаюць», – кажа Віталь Гуляк.

Хлопца цэлую гадзіну трымалі ў апорным пункце, і потым яшчэ тры – у мясцовым РАУС. Столькі часу праваахоўнікам было патрэбна, каб праверыць Віталя Гуляка на «прыналежнасць да здзяйснення злачынства, распачатага 03.03.2017 г. паводле часткі 1 арт. 339 КК РБ» (відаць, міліцыянты пераблыталі паняткі «злачынства» і «крымінальная справа». – Заўв. «Белсату»). Гэтак на афіцыйную заяву да пракурора Ваўкавыскага раёну з просьбай патлумачыць прычыны затрымання сёння актывісту адказаў старшыня Ваўкавыскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Максім Руды. Актывіст кажа, што праваахоўнікі парушылі закон: «Скардзіўся ў пракуратуру, пракурор перанакіраваў зварот у абласны УУС, а той па лесвіцы вярнуў назад – у мясцовы РАУС, – кажа Гуляк. – Замкнёнае кола».

Падазрэнні ў міліцыянтаў Віталь Гуляк выклікаў тым, што «ў познюю пару сутак без прычына шпацыраваў па горадзе» ды «меў падабенства з асобай, якая здзейсніла злачынства».

«Узбуджанае злачынства».

Праз чатыры гадзіны хлопца адпусцілі.

«Мяне адвезлі на службовым джыпе дадому, пад пад’езд – як міністра», – кажа Віталь.

Даехаць да Менску актывісту так і не далі. Цягам усяго Дня Волі пад вокнамі Віталя дзяжурыў міліцыянт у цывільным, які хадзіў за ім увесь час, калі Віталь выходзіў у горад.

14 сакавіка Віталя Гуляка судзілі за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Горадні. Суд Ленінскага раёну прысудзіў актывісту штраф у памеры 30 базавых велічыняў.

ДД

Стужка навінаў